Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 23 верасня
18.6.20120 праглядаў
18 чэрвеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 23 верасня 2012 года. Пра гэта сёння на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання паведаміў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Савет Рэспублікі будзе сфарміраваны да канца верасня.
Прэзідэнт падкрэсліў, што парламенцкія выбары - гэта не толькі найважнейшая палітычная падзея для краіны, але і адказны экзамен для дзеючай улады, асабліва ўлады мясцовай.
"Хачу адразу папярэдзіць. Ні пад каго знешне мы не павінны падладжвацца і не будзем гэта рабіць. Выбары праводзяцца для беларускага народа і выключна ў яго інтарэсах. Беларусь - суверэнная дзяржава і не прыме ніякага ўмяшання", - заявіў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што ў краіне "як працавалі, так і будуць працаваць у звычайным рэжыме, без аврала і надзвычайшчыны".
"Настройвацца трэба на вырашэнне найважнейшай задачы - правесці гэтыя выбары ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, сумленна, адкрыта, забяспечыўшы волевыяўленне беларускага народа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пры падрыхтоўцы да парламенцкіх выбараў патрэбны зладжанасць, арганізаванасць і выключная рухомасць. Ён асабліва звярнуў увагу на тое, што рэалізацыя арганізацыйных мерапрыемстваў павінна праходзіць у спакойнай і канструктыўнай абстаноўцы, пры ўзаемаразуменні з боку ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу. Кіраўнік дзяржавы лічыць гэта вельмі важным у цяперашняй выбарчай кампаніі. "Мы навучыліся праводзіць выбары, як свята для беларускага народа. Давайце яшчэ раз зробім гэта свята. Гэты дзень павінен быць святам для людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, неабходна старанна падысці і да фарміравання выбарчых камісій. "Прыняцце рашэнняў аб іх утварэнні варта ажыццяўляць, як таго патрабуе закон, адкрыта, з удзелам палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Прадстаўнікоў партый, незалежна ад іх палітычных поглядаў, якія годна зарэкамендавалі сябе пры правядзенні ранейшых выбарчых кампаній, трэба ўключаць у склад выбаркамаў. Тыя ж, хто раней спрыяў дэзарганізацыі выбараў, не павінны атрымаць другога такога шанцу", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб тым, што пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты не павінна быць ніякіх надуманых абмежаванняў. "Усіх, хто мае права быць зарэгістраваным, трэба рэгістраваць. Кожнаму грамадзяніну краіны павінны быць прадастаўлены ўсебаковыя магчымасці для рэалізацыі права выбіраць і быць выбраным", - сказаў Прэзідэнт. "Мясцовыя органы ўлады павінны прадаставіць гарантыі правядзення перадвыбарных грамадскіх мерапрыемстваў на ўмовах не горшых, чым гэта было пры правядзенні выбараў Прэзідэнта краіны ў 2010 годзе", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.-0-
БЕЛТА