3 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Буйная партыя цыгарэт затрымана ў Верхнядзвінскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-групе УКДБ па Віцебскай вобласці. У выніку зладжаных прафесійных дзеянняў супрацоўнікаў упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці, Віцебскай мытні і вайскоўцаў 14-га пагранічнага атрада ў пункце пропуску Бігосава-1 у двух паўвагонах з вугалем грузавога саставу, які рухаўся ў Латвію, былі выяўлены і канфіскаваны 140 скрыняў тытунёвых вырабаў з беларускімі акцызнымі маркамі на агульную суму каля Br217 млн. Па факце выяўленага правапарушэння праводзіцца праверка і высвятляецца кола асоб, датычных да супрацьпраўнай дзейнасці. "Гэта не першы выпадак, калі зламыснікі спрабуюць пераправіць праз беларуска-латвійскую мяжу буйныя партыі тытунёвых вырабаў", - падкрэслілі ў прэс-групе УКДБ. Так, у траўні сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў УКДБ па Віцебскай вобласці і вайскоўцаў 14 пагранічнага атрада ў Верхнядзвінскім раёне паблізу дзяржаўнай мяжы таксама была затрымана буйная партыя цыгарэт: непрацуючы жыхар Віцебскай вобласці спрабаваў незаконна перавезці ў Латвію 120 скрыняў тытунёвых вырабаў з беларускімі акцызнымі маркамі для іх наступнай рэалізацыі на тэрыторыі краін Балтыі. Тавар коштам Br300 млн. быў канфіскаваны. "На сённяшні дзень адзначаецца пагаршэнне крымінагеннай абстаноўкі ў памежжы. Пры гэтым ва ўмовах перадразмеркавання намаганняў беларускія праваахоўныя структуры больш пільную ўвагу надаюць беларуска-латвійскаму напрамку, з улікам дружалюбнай палітыкі, паслядоўна праводзімай суседнім дзяржавай", - падкрэслілі ў УКДБ. -0-

БЕЛТА