29 снежня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Звыш 18 т бананаў на суму больш за Br165 млн. затрымалі беларускія мытнікі на мяжы з Расіяй, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай мытні. Пры правядзенні спецыяльнага мерапрыемства супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Віцебскай мытні з удзелам супрацоўнікаў міжраённага аддзела па абслугоўванні Наваполацка, Полацка і Полацкага раёна ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама на беларуска-расійскім участку мяжы ў Расонскім раёне затрыманы грузавы аўтамабіль Renault з паўпрычэпам-рэфрыжэратарам, які рухаўся з тэрыторыі Расіі з таварам "бананы свежыя" - 1 тыс. скрынак, вагой 18 340 кг. Адпраўнік тавару - таварыства з абмежаванай адказнасцю са Смаленска, перавозчык - адна з фермерскіх гаспадарак Брэсцкай вобласці. Пры праверцы прадстаўленых кіроўцам дакументаў устаноўлена, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі з Расіі і далейшае перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі партыі тавару "бананы свежыя" ажыццяўляліся без фітасанітарнага сертыфіката, а атрымальнік тавару, пазначаны ў таварасуправаджальных дакументах, у Беларусі не зарэгістраваны. Прадстаўленыя кіроўцам дакументы канфіскаваны ў працэсе агляду. Тавар папярэдняй вартасцю звыш Br165 млн. затрыманы. Праводзяцца праверачныя мерапрыемствы ў межах АП, прадугледжанага ч.4 арт.12.17 КоАП Беларусі.-0-

БЕЛТА