У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбудзецца адкрыццё абласной велікоднай выставы "Светлы дзень", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
Жыхары і госці Віцебска змогуць убачыць работы майстроў народных мастацкіх рамёстваў рэгіёна. Тут прадстаўлены творы ўзорнага арнаментальнага вязання (рукавіцы, шкарпэткі, шапкі, шалікі, камізэлькі, сувеніры), ажурнага вязання (сурвэткі, абрусы), рэплікі артэфактаў старадаўніх тэхнік вязання, творы валенага рамства (валенкі, магеркі, цацкі, рукавіцы, сувеніры). Таксама гасцей чакаюць работы з лямцу і вязанага тэкстылю.
Акрамя таго, у метадычным цэнтры адкрываецца персанальная выстава метадыста-майстра Віцебскага раённага цэнтра народных мастацкіх рамёстваў "Адраджэнне" Надзеі Гутнікавай "Рэканструяваныя строі народнага адзення жыхароў Віцебскага павета ў пачатку ХХ стагоддзя". На выставе мастачка прадставіць некалькі калекцый мужчынскіх і жаночых строяў, узнаўленых па вырабах-арыгіналах з фондаў Віцебскага абласнога музея, а таксама краязнаўчага музея горада Вялікія Лукі (Расія). Усяго ў экспазіцыі 12 строяў.
Рэканструкцыяй вырабаў Надзея Гутнікава займаецца на прафесійнай аснове не першы год. Майстар мае вялікую колькасць дыпломаў за перамогі на міжнародных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах у Беларусі, Расіі, Італіі, Славеніі і Кіпры.
Абедзве выставы ў метадычным цэнтры будуць працаваць да 5 красавіка.