Больш за 90 чалавек прынялі ўдзел у патрыятычным форуме «Жывая памяць пакаленняў», арганізаваным Віцебскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў і праведзеным у 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе.
На форум, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, сабраліся прадстаўнікі ўлады, ветэраны вайны ў Афганістане, кіраўнікі галіновых прафсаюзных арганізацый, члены моладзевых саветаў. Яны абмеркавалі ролю 103-й паветрана-дэсантнай брыгады ў сістэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання, захаванне традыцый і памяці афганскага руху, пераемнасць пакаленняў як аснову будучыні.
Вітаючы ўдзельнікаў форуму, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч падкрэсліў, што сапраўдных патрыётаў можа выхаваць толькі сапраўдны патрыёт. Таму вельмі важныя сустрэчы воінаў-«афганцаў» з моладдзю, яны могуць расказаць, што такое вайна і чаго больш нельга дапусціць. Як кажа кіраўнік дзяржавы, лепш ваяваць на палях, заводах і здзяйсняць свае подзвігі толькі ў мірны час.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што вайскоўцы праслаўленага злучэння першымі ўваходзілі ў Афганістан і апошнімі сыходзілі, з гонарам і годнасцю выканаўшы свой доўг. Перад воінамі-«афганцамі» стаіць задача данесці праўду для новых пакаленняў, выхаваць іх у духу мужнасці, самаадданасці, адвагі.
Па словах старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алены Няфёдавай, форум накіраваны на ўмацаванне сувязі пакаленняў, захаванне гістарычнай памяці і актывізацыю патрыятычнага выхавання моладзі. У шэрагах прафсаюзаў больш за 500 воінаў-інтэрнацыяналістаў. Яны ўдзельнічаюць у розных патрыятычных мерапрыемствах, дыялогавых пляцоўках, дзеляцца сваім жыццёвым досведам.
Старшы афіцэр аддзялення ідэалагічнай работы 103-й паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі падпалкоўнік Андрэй Баланеску паведаміў, што віцебскія дэсантнікі выконвалі задачы па аказанні інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане ў Кабуле і Баграме, больш за 11 тыс. вайскоўцаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, восем чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Практычна штотыдзень у злучэнні праводзяцца экскурсіі для навучэнцаў устаноў адукацыі – за год у госці да дэсантнікаў прыходзяць каля 3 тыс. чалавек.
Па словах старшыні абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'яна Мацкевіча, інтэрнацыянальны доўг выконвалі 5,9 тыс. жыхароў Віцебшчыны, 160 нашых землякоў загінулі. Воіны-інтэрнацыяналісты актыўна ўдзельнічаюць у ваенна-патрыятычным выхаванні і адзначаюць, што ў нас расце цікавае маладое пакаленне.