29 жніўня, Віцебск /Алена Ціханава - Віцебск/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава сумесна з упраўленнем адукацыі аблвыканкама пачаў выдаваць навукова-практычны часопіс "Сучасная адукацыя Віцебшчыны". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік галоўнага рэдактара выдання, намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДУ імя Машэрава Алена Баброва.

"Ініцыятыва выдання часопіса для педагогаў рэгіёна належыць рэктару гэтага ўніверсітэта Аляксандру Саладкову (ён з'яўляецца галоўным рэдактарам новага выдання) і начальніку ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Івану Шчурку.

"Сучасная адукацыя Віцебшчыны" - часопіс для педагогаў і пра педагогаў нашага рэгіёна. Выданне павінна стаць інфармацыйна-метадычнай пляцоўкай для настаўнікаў, выкладчыкаў і метадыстаў. Тут будуць абмяркоўвацца новыя ідэі, канцэпцыі і погляды на сістэму адукацыі вучоных і практыкаў", - сказала Алена Баброва.

Часопіс уключае такія рубрыкі, як "Рэгіянальная палітыка і кіраванне ў адукацыі", "Навука - практыцы", "Інавацыйны праект", "Сучаснае адукацыйнае асяроддзе", "Вехі гісторыі", "Нашы юбіляры", "Госць часопіса".

"Што тычыцца аўтарскага калектыву, то ён мае вельмі шырокае прадстаўленцтва. У выданні будуць публікавацца матэрыялы, падрыхтаваныя выкладчыкамі ўніверсітэта і настаўнікамі-практыкамі з розных рэгіёнаў вобласці. З часам плануем уцягнуць у кола аўтараў і замежных калег. Універсітэт мае цесныя кантакты з установамі адукацыі розных краін. Вопыт і метадычныя напрацоўкі партнёраў могуць аказацца карыснымі для нашых педагогаў", - падкрэсліла Алена Баброва і дадала, што аформіць падпіску на новае выданне можна будзе з пачатку 2014 года.

"Сучасная адукацыя Віцебшчыны" выходзіць на рускай і беларускай мовах, друкуецца ва ўніверсітэце імя Машэрава. Першыя два нумары часопіса выйшлі ў свет у маі і жніўні бягучага года кожны тыражом 1 тыс. экзэмпляраў. Перыядычнасць выдання - адзін раз у квартал. -0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)