Адкрылася персанальная выстава мастака Анатоля Ільінова ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Мастак добра вядомы на Віцебшчыне як аўтар шматлікіх цудоўных гравюр, малюнкаў і акварэляў.

Адкрылася персанальная выстава мастака Анатоля Ільінова ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Мастак добра вядомы на Віцебшчыне як аўтар шматлікіх цудоўных гравюр, малюнкаў і акварэляў. Яскравым прызнаннем яго сапраўднага таленту стала ўжо толькі тое, што ў 1982-1989 гадах ён выбіраўся адказным сакратаром і старшынёй абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі.

Творчы лёс Анатоля Уладзіміравіча цесна звязаны з Лепельшчынай. Пасля заканчэння Віцебскага мастацка-графічнага педвучылішча і тэрміновай службы ў арміі ён у 1957 годзе пачаў свой працоўны шлях менавіта ў нашым родным краі - мастаком-выхавальнікам Лепельскай школы-інтэрната.

У 1960 годзе Анатоль Ільіноў паступіў на вучобу ў Маскоўскі паліграфічны інстытут, дзе атрымаў прафесію мастака-графіка. Аднак ужо ў 1965 годзе ён зноў вярнуўся ў Лепель, вучыў дзяцей разумнаму, добраму і вечнаму ў якасці настаўніка сярэдняй школы, працаваў мастаком мясцовага філіяла Віцебскіх мастацкіх майстэрняў. І толькі ў 1981 годзе Анатоль Уладзіміравіч перабраўся на пастаяннае месца жыхарства ў Віцебск.