21 кастрычніка, Мінск /Ірына Рэут - БЕЛТА/. Памер пенсій у Беларусі плануецца павялічыць прыкладна на 20% з 1 лістапада бягучага года. Пра гэта заявіў сёння, адказваючы на пытанні дэпутатаў, намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік на сумесным пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "З 1 лістапада мы плануем значна падняць пенсіі. Яны вырастуць, цяпер дакладна не магу сказаць, скажу з запасам - працэнтаў на 20", - адзначыў віцэ-прэм'ер. Анатоль Тозік таксама сказаў, што ў цяперашні час урад вырашае пытанне аб тым, як "кропкава падтрымаць тых, каму патрэбна падтрымка дзяржавы". Ён падкрэсліў, што павышэнне пенсій, зарплат, дапамог ажыццяўляецца ў межах даходнай часткі бюджэту. Ніякіх эмісійных рэсурсаў для вырашэння гэтых задач не трэба. "У нас ніякіх разыходжанняў з гэтай нагоды ва ўрадзе няма. Для ўсяго таго, што я казаў, ёсць сёння рэсурсы - даходная частка бюджэту", - сказаў Анатоль Тозік.-0-

БЕЛТА