26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пашыраны пералік замежных валют, якія падлягаюць абавязковаму продажу суб'ектамі гаспадарання на ўнутраным валютным рынку. Адпаведная пастанова №350 ад 25 жніўня 2011 года прынята праўленнем Нацыянальнага банка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.
У пералік замежных валют, якія падлягаюць абавязковаму продажу на ўнутраным валютным рынку, дададзена дзесяць пазіцый. Іх аснову складаюць валюты, доля якіх значна павялічылася ў разліках па экспарце, - гэта літоўскі літ, латвійскі лат, казахстанскі тэнгэ і польскі злоты. Таксама ў пералік увайшлі чэшская крона, венгерскі форынт, кітайскі юань, новы ізраільскі шэкель, новазеландскі долар і турэцкая ліра.
"Такое рашэнне прынята ў сувязі з тым, што суб'екты гаспадарання з мэтай неажыццяўлення абавязковага продажу замежнай валюты па біржавым курсе значна павялічылі долю экспартных дагавораў, валюта разлікаў па якіх не падлягае абавязковаму продажу", - растлумачылі ў Нацбанку.
Для паскарэння паступлення на рахункі абслугоўваных кліентаў рублёвага эквівалента пасля абавязковага продажу замежнай валюты пастановай устаноўлены тэрмін яго пералічэння. Банк абавязаны правесці гэту аперацыю не пазней наступнага рабочага дня пасля дня правядзення таргоў.
Акрамя таго, інструкцыя аб парадку ажыццяўлення абавязковага продажу замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку ад 13 верасня 2006 №129 прыведзена ў адпаведнасць з указам ад 25 ліпеня 2011 года №326 "Аб некаторых пытаннях абавязковага продажу замежнай валюты".-0-
БЕЛТА
Пералік інвалюты, якая падлягае абавязковаму продажу суб'ектамі гаспадарання, пашыраны ў Беларусі
26.8.20110 праглядаў