8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі пашырыў пералік тавараў, для набыцця якіх грамадзянам прадастаўляюцца льготныя крэдыты. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №135 ад 3 лютага 2011 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 жніўня 2009 года №1010", паведамілі кар. БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Пастанова прынята ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Беларусі ад 6 студзеня 2011 года №11 "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2009 года №371".
Пералік дапоўніўся такімі таварнымі пазіцыямі, як "лесаматэрыялы круглыя", "паркет", "цеплаізаляцыйныя матэрыялы" (усяго 55 найменняў). Да гэтага пералік тавараў, для набыцця якіх грамадзянам прадастаўляюцца льготныя крэдыты, зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 1 жніўня 2009 года №1010, уключаў 52 найменні.
Дапоўніўся таксама пералік арганізацый-вытворцаў мэблі, блокаў дзвярных і аконных, жалезабетонных і бетонных вырабаў, піламатэрыялаў і іншых тавараў. Унесены змяненні ў частцы найменняў арганізацый-вытворцаў у сувязі з пераўтварэннем асобных рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы.
Акрамя таго, ў адпаведнасці з указам №11 урадам і Нацыянальным банкам прынята пастанова №134/3, якой унесены змяненні і дапаўненні ў пастанову Савета Міністраў і Нацбанка ад 7 жніўня 2009 года №1044/13. Тым самым Саўмін забяспечыў прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з указам. Нагадаем, пастановай №1044/13 зацверджана палажэнне аб парадку прадастаўлення малазабяспечаным грамадзянам льготных крэдытаў на спажывецкія патрэбы.
Указаныя змяненні закліканы стымуляваць вытворчасць айчыннай прадукцыі, стварэнне працоўных месцаў і забеспячэнне больш поўнага выкарыстання наяўных вытворчых магутнасцей, а таксама развіццё прадпрымальніцтва, у тым ліку ў малых і сярэдніх гарадскіх паселішчах.
Усяго за 2009 год банкамі было выдадзена льготных спажывецкіх крэдытаў на суму Br15,3 млрд., за 2010 год - Br77,3 млрд. Па стане на 21 студзеня 2011 года камерцыйнымі банкамі заключана 18 017 дагавораў на адкрыццё крэдытных ліній па льготным спажывецкім крэдытаванні на агульную суму Br94,2 млрд., выдадзена крэдытаў на Br93 млрд.
Станоўчая дынаміка росту выдаваных крэдытаў сведчыць аб павышэнні цікавасці насельніцтва да льготнага крэдытавання, што спрыяе павелічэнню рэалізацыі айчынных тавараў і росту тавараабароту.
Нагадаем, льготныя спажывецкія крэдыты ў Беларусі прадастаўляюць Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Белінвестбанк, БПС-банк.
Для разгляду пытання аб выдачы льготнага спажывецкага крэдыту грамадзянін падае ў банк пісьмовую заяву, копіі дакумента, што сведчыць асобу, з прад'яўленнем арыгінала, даведкі аб месцы жыхарства і складзе сям'і, звестак аб сукупным даходзе заяўніка і членаў яго сям'і за тры месяцы, што папярэднічаюць месяцу падачы заявы.
На працягу 10 рабочых дзён з даты рэгістрацыі заявы банк прымае рашэнне аб выдачы льготнага спажывецкага крэдыту або аб адмове ў яго выдачы. Пры станоўчым рашэнні банк заключае з грамадзянінам крэдытны дагавор, у якім прадугледжваюцца парадак крэдытавання, сума льготнага спажывецкага крэдыту, спосабы забеспячэння выканання абавязацельстваў па ім.
Сума выдаванага льготнага спажывецкага крэдыту не павінна перавышаць 300 базавых велічынь, устаноўленых на дату заключэння крэдытнага дагавора. Банк на падставе заключанага крэдытнага дагавора адкрывае грамадзяніну крэдытную лінію.-0-
БЕЛТА