13 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Паспяхова завершаныя таргі на перадачу ў арэнду паляўнічых угоддзяў прынясуць Бешанковіцкаму раёну інвестыцыі і новыя працоўныя месцы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Бешанковіцкім райвыканкаме. Раённыя ўлады ўпершыню праводзілі конкурс на перадачу ў арэнду паляўнічых угоддзяў. У ім удзельнічалі тры прэтэндэнты, пераможцам аказалася адкрытае акцыянернае таварыства "Віцебскдрэў". Арандатар атрымае ў карыстанне паляўнічыя ўгоддзі агульнай плошчай 2,5 тыс.га, у тым ліку 2,1 тыс.га лясных і 420 га палявых, якія знаходзяцца ў фондзе запасу паляўнічых угоддзяў Бешанковіцкага раёна. Тэрмін арэнды - не менш за дзесяць гадоў. Выконваючы ўмовы конкурсу, акцыянернае таварыства запланавала ўкласці ў стварэнне паляўнічага комплексу больш за Br5 млрд. і стварыць 30 працоўных месцаў. У Бешанковіцкім раёне ўжо працуюць пяць арандатараў паляўнічых угоддзяў, з'яўленне яшчэ аднаго будзе спрыяць далейшаму развіццю паляўнічага турызму і прыцягненню інвестыцый, упэўненыя ў райвыканкаме. Рэалізацыя гэтага праекта запланавана па абласной праграме "500", якая прадугледжвае развіццё турыстычнай інфраструктуры, у тым ліку паляўнічага турызму. У Віцебскай вобласці ў арэнду перададзены 62 паляўнічыя ўгоддзі, у тым ліку 15 знаходзяцца ў веданні Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання.-0-

БЕЛТА