23 чэрвеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Завяршаецца распрацоўка пагаднення аб працоўнай міграцыі паміж Расіяй, Беларуссю і Казахстанам. Аб гэтым паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Казахстан Бiржан Нурымбетаў. Ён прымае ўдзел у пасяджэнні Кансультатыўнага савета па працы, міграцыі і сацыяльнай абароне насельніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, якое праходзіць сёння ў Мінску.
Бiржан Нурымбетаў лічыць, што "зроблены істотны крок наперад - вырашана, што перамяшчэнне рабочай сілы паміж трыма краінамі будзе ажыццяўляцца без якіх-небудзь абмежаванняў". Праведзена вялікая падрыхтоўчая работа на ўзроўні экспертаў, адбыліся сустрэчы намеснікаў міністраў і міністраў, у ходзе якіх былі выпрацаваны адзіныя падыходы.
Як вядома, у цяперашні час заканадаўствам Беларусі, Расіі і Казахстана прадугледжаны пэўныя абмежаванні (квотаванне, выдача дазволаў, ліцэнзаванне і г.д.). У рамках Мытнага саюза будзе адменена дазвольная працэдура ў дачыненні да працоўнай міграцыі, падкрэсліў суразмоўца. Гэта азначае, у прыватнасці, што беларускія фірмы, якія прыцягваюць рабочую сілу з Расіі і Казахстана, не павінны будуць афармляць адпаведныя дазволы.
"Расія і Казахстан пераважна прымаюць працоўных мігрантаў, а Беларусь у дачыненні да Расіі выступае краінай-экспарцёрам рабочай сілы, - сказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Казахстана. - Такое пагадненне ў выпадку яго прыняцця будзе ў інтарэсах грамадзян, якія выявілі жаданне выехаць з тэрыторыі сваёй краіны з мэтай працаўладкавання".
Бiржан Нурымбетаў праінфармаваў, што ў Казахстане працуюць, паводле афіцыйных даных, каля 1,3 тыс. расіян, у Расіі - парадку 9,5 тыс. казахстанцаў. У Беларусі працуюць 50 казахстанцаў, у Казахстане - 30 беларусаў (гэта тлумачыцца геаграфічным становішчам). -0-
БЕЛТА
Перамяшчэнне працоўнай сілы паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам у перспектыве будзе без абмежаванняў
23.6.20100 праглядаў