15 студзеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Паштовыя аддзяленні на колах сёлета будуць абслугоўваць маланаселеныя вёскі ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара Віцебскага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта" Кацярына Зінкевіч.

Цяпер у рэгіёне дзейнічае 51 мабільнае аддзяленне. "У 2014 годзе плануем адкрыць 20 новых перасоўных паштовых аддзяленняў, у тым ліку і ў Расонскім раёне, дзе іх дагэтуль не было. Найбольш мабільных паштовых аддзяленняў дзейнічае ў Пастаўскім раёне - 7, Глыбокскім - 5, Аршанскім, Полацкім, Віцебскім і Докшыцкім - па 4", - расказала Кацярына Зінкевіч.

Паводле яе слоў, першыя перасоўныя паштовыя аддзяленні з'явіліся ў вобласці больш за 10 гадоў таму. Яны прыйшлі на змену нерэнтабельным стацыянарным. "Да апошняга часу мабільная пошта абсталёўвалася на базе аўтамабіляў УАЗ або "Газель". Цяпер гэта спецыяльныя аўтамабілі на базе шасі УАЗ і фургона "Купава". У канцы мінулага года ў рэгіён паступіла 15 такіх аўтамабіляў", - адзначыла яна.

Мабільная пошта аказвае ўвесь спектр паслуг. "Перасоўныя аддзяленні абсталяваны спецыяльнай камп'ютарнай сістэмай для зчытвання інфармацыі з пластыкавых плацежных картак, кліенты маюць магчымасць аплачваць паслугі мабільнай сувязі, рабіць плацяжы па банкаўскіх крэдытах і іншае ў рэжыме анлайн", - запэўніла Кацярына Зінкевіч.

Графік прыездаў, час працы і месца стаянкі перасоўных паштовых аддзяленняў вызначаліся зыходзячы з пажаданняў і патрэб насельніцтва.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)