19 сакавіка, Джакарта /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Інданезіі Аляксандра Лукашэнкі і Сусіла Бамбанга Юдойона ў вузкім складзе праходзяць у Джакарце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць асноўныя пытанні двухбаковага парадку дня, вызначаць магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва, якія адкрываюцца ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, культуры, абароны і інвестыцый. Беларусь зацікаўлена ва ўмацаванні адносін з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, пры гэтым Інданезія з'яўляецца адной з ключавых краін для прасоўвання беларускіх інтарэсаў у гэтым шырокім рэгіёне. Ужо маюцца планы па стварэнні прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на тэрыторыі Інданезіі, якія змогуць пастаўляць прадукцыю не толькі на інданезійскі рынак, але і ў іншыя краіны рэгіёну. Сёння падчас беларуска-інданезійскага бізнес-форуму члены афіцыйнай беларускай дэлегацыі заключылі шэраг кантрактаў і пагадненняў на пастаўку беларускай тэхнікі, падпісалі мемарандумы, якія замацоўваюць намер бакоў супрацоўнічаць па шэрагу напрамкаў.

Да пачатку перамоваў лідараў дзвюх краін адбылася цырымонія афіцыйнай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі ля Палаца Мердэка. Аляксандра Лукашэнку сустрэў кіраўнік інданезійскай дзяржавы Сусіла Бамбанг Юдойона. Падчас выканання гімнаў быў зроблены 21 гарматны залп. Прэзідэнт Беларусі ў суправаджэнні камандзіра роты ганаровай варты прайшоў па дывановай дарожцы ўздоўж роты ганаровай варты і нахілам галавы прывітаў дзяржаўныя сцягі. Пасля прадстаўлення кіраўнікам дзяржаў членаў афіцыйнай дэлегацыі Аляксандр Лукашэнка і Сусіла Бамбанг Юдойона накіраваліся ў палац для перамоваў.-0-