Мерапрыемствы па пераходзе да электроннага захоўвання архіўных дакументаў у Беларусі будуць завершаны да канца 2020 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Віктар Кураш.
Мерапрыемствы па пераходзе да электроннага захоўвання архіўных дакументаў у Беларусі будуць завершаны да канца 2020 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Віктар Кураш.
"2019 год для нашай галіны стане пераломным. Нам трэба зрабіць вялікую працу па рэалізацыі праграмы пераходу захоўвання архіўных дакументаў у электронным выглядзе. Для гэтага трэба сур'ёзна папрацаваць з крыніцамі камплектавання, а ў нас у краіне 7,4 тыс. арганізацый. На выкананне пастановы Савета Міністраў мы павінны стварыць архіў кінафотафонадакументаў, а для гэтага трэба закупіць магутнае абсталяванне для сканавання фільмаў. Вялікая праца ўжо праведзена, і вырашана ўсе алічбаваныя даныя захоўваць пры дапамозе воблачных тэхналогій", - адзначыў Віктар Кураш.
Самастойнае даследаванне дакументальных крыніц з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у сістэме выкарыстання архіўнай інфармацыі. "У нашы ўстановы паступае больш за 20 тыс. зваротаў у год. Стабільнымі застаюцца запыты па генеалогіі, на даследаванні якіх запісваюцца на год наперад. Гэта нас радуе, таму што добра, калі людзі цікавяцца гісторыяй свайго роду, хто мы, адкуль, чым займаліся. Частымі застаюцца і запыты сацыяльна-прававога характару, людзі звяртаюцца з пытаннямі аб налічэнні стажу, сярэдняй заработнай платы, па звальненні, пераводзе і гэтак далей", - распавёў дырэктар дэпартамента.
Па яго словах, у 2018 годзе архіўная галіна развівалася дынамічна. Значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база, адкрыта новы будынак Занальнага дзяржаўнага архіва ў Слуцку, працягнута рэалізацыя пагадненняў аб супрацоўніцтве з архіўнымі службамі і ўстановамі замежных краін. У гэтым годзе таксама чакаецца насычанае міжнароднае жыццё. "Мы будзем праводзіць прафесійную сустрэчу беларуска-расійскіх архівістаў у Віцебску, дзе традыцыйна абмяркуем найбольш вострыя пытанні, якія стаяць перад галіной, абмяняемся вопытам работы і падзелімся планамі. Прымем удзел у канферэнцыі Еўразійскага рэгіянальнага аддзялення Міжнароднага савета архіваў (Еўразіка), якое будзе праходзіць у Кыргызстане", - анансаваў Віктар Кураш.