19 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Ва ўнітарным прадпрыемстве "Віцебскводаканал" упэўнены, што пераход на дыферэнцыраваную аплату паслуг водазабеспячэння і водаадвядзення для жыхароў абласнога цэнтра будзе безбалесным, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Па дадзеных аддзела водазбыту, сярэдні расход вады па Віцебску на аднаго жыхара складае 3-4 куб.м сумарна гарачай і халоднай вады ў месяц, у той час як па льготным тарыфе з 1 кастрычніка будзе аплачвацца 4,2 куб.м. Такім чынам, большасць гараджан змены схемы разлікаў не адчуюць. Змены ў сістэме аплаты паслуг водазабеспячэння не закрануць і жыхароў іншых раёнаў і гарадоў вобласці. Праведзены ў першым паўгоддзі аналіз паказаў, што ў райцэнтрах людзі расходуюць у сярэднім 2,5-3 куб.м вады ў месяц на чалавека, у Наваполацку - 3,6 куб.м, у Оршы таксама ўкладаюцца ў норму, толькі ў Полацку ў месяц гараджане расходуюць больш за 5 куб.м вады. Кошт вады для насельніцтва не супастаўны з затратамі на здабычу, ачыстку, падачу, утылізацыю. Гэта вельмі рэсурсаёмісты цыкл, толькі на электраэнергію для забеспячэння вадой Віцебска траціцца Br2,5 млрд. у месяц, а сабекошт 1 куб.м вады ў абласным цэнтры Br1680. У раёнах жа гэтая сума ў некалькі разоў вышэй. Эканомія пойдзе на карысць і жыхарам, і жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Па словах спецыялістаў, эканоміць ваду ў быце нескладана. Неабходна зачыняць краны, не трэба ўключаць ваду на поўны напор, а замест ванны варта прымаць душ: расход вады пры мыцці ў душы ўдвая ніжэйшы, чым пры прыняцці ванны. З 1 кастрычніка пастановай Савета Міністраў Беларусі прадугледжана спагнанне платы за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення з грамадзян, якія пражываюць у кватэрах, аснашчаных прыборамі індывідуальнага ўліку расходу вады, па тарыфах, устаноўленых заканадаўствам Беларусі, у межах аб'ёмаў водаспажывання на аднаго пражываючага 140 л у суткі. Плата за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення, спажытыя звыш устаноўленага аб'ёму, спаганяецца па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне.-0-

БЕЛТА