Першыя квіткі на праекты XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", якія адбудуцца ў Летнім амфітэатры і канцэртнай зале "Віцебск", паступяць у продаж 21 лютага. Пра гэта паведамілі ў дырэкцыі форуму
Першыя квіткі на праекты XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", якія адбудуцца ў Летнім амфітэатры і канцэртнай зале "Віцебск", паступяць у продаж 21 лютага. Пра гэта паведамілі ў дырэкцыі форуму.Рэалізацыя квіткоў на сайтах kvitki.by і ticketpro.by, а таксама bilesuserviss.lv (Латвія), bilietai.lt (Літва), piletilevi.ee (Эстонія) пачнецца з 24 лютага.
"Старт рэалізацыі квіткоў - заўсёды важны крок, таму для прыхільнікаў "Славянскага базару" дырэкцыя фестывалю з 21 лютага па 20 сакавіка праводзіць акцыю "Першыя 29 дзён у гонар XXIX фестывалю" - дорыць зніжку 10% пры куплі квіткоў на мерапрыемствы ў Летнім амфітэатры і канцэртнай зале "Віцебск", - адзначылі арганізатары.
"Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 13 па 21 ліпеня. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбудзецца 16 ліпеня, закрыццё - 20 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны 13-15 і 21 ліпеня.
Асноўнымі падзеямі форуму стануць XXIX Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2020" і XVIII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2020". Традыцыйна спаборніцтвы юных выканаўцаў будуць праходзіць у канцэртнай зале "Віцебск". Дарослыя канкурсанты выканаюць свае кампазіцыі на сцэне амфітэатра. У першы дзень фіналу ім трэба будзе праспяваць славянскі хіт у суправаджэнні аркeстра, у другі - сусветны хіт у суправаджэнні фанаграмы "-1". У кожны з дзён фіналу запланаваны другія аддзяленні: з сольнымі праграмамі выступяць Дзмітрый Малікаў і Томас Андэрс.
Апроч асноўнай сцэны Летняга амфітэатра мерапрыемствы таксама пройдуць у канцэртнай зале "Віцебск", Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, Віцебскай абласной філармоніі і Беларускім тэатры "Лялька". Цікавымі праектамі будуць напоўнены і іншыя пляцоўкі. Так, на плошчы Перамогі адбудзецца open air "Фестывальны пікнік". Свята харавой музыкі "Славянскі благавест" пройдзе ў Свята-Успенскім кафедральным саборы. II Міжнародны танцавальны праект DREAM DANCE FEST запланаваны ў Віцебскай абласной філармоніі. Месцам начных сустрэч прыхільнікаў джазу стане Дырэкцыя фестывалю. У праграму фестывалю традыцыйна ўключаны фест вулічнага мастацтва "На сямі вятрах", музычныя, тэатральныя, лялечныя і арт-праекты, музейныя экспазіцыі.