20 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першыя дазволы на мясцовае памежнае перамяшчэнне консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску пачне выдаваць ужо на наступным тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў консульстве. У адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый ад 23 жніўня 2010 года консульскія ўстановы пачалі прыём дакументаў на выдачу дазволаў з 1 лютага 2012 года. На разгляд дакументаў адводзіцца 20 рабочых дзён з дня іх падачы. Першыя прэтэндэнты на атрыманне дазволу на мясцовае памежнае перамяшчэнне звярнуліся ў консульства 6 лютага, таму адказ, у адпаведнасці з пагадненнем, ім будзе дадзены не пазней 2 сакавіка. Пакуль у консульства падалі дакументы не вельмі шмат людзей, якія маюць права стаць удзельнікамі малога памежнага перамяшчэння. Хутчэй за ўсё, сваю ролю адыгралі моцныя маразы, але з набліжэннем летняга сезона ў консульстве чакаюць павелічэння колькасці зваротаў. У консульстве Латвіі ў Віцебску знаходзяцца спісы жыхароў памежных тэрыторый Віцебскай вобласці, якія пажадалі скарыстацца магчымасцю мясцовага памежнага перамяшчэння. Спісы сфарміраваны мясцовымі сельскімі, пасялковымі і гарадскімі выканкамамі на падставе заяў грамадзян. З беларускага боку ў іх увайшло каля 200 чалавек, з латвійскага - прыкладна 4 тыс. Латвійскі спіс большы, бо да тэрыторыі, жыхары якой могуць скарыстацца правам спрошчанага перасячэння мяжы, адносяцца такія буйныя гарады, як Даўгаўпілс і Краслава. Гэтыя пералікі не канчатковыя. Грамадзяне могуць падаваць заявы па меры неабходнасці, і кожныя тры месяцы спісы будуць абнаўляцца. Наступны будзе сфарміраваны да 1 красавіка, а прыём заяў на выдачу дазволаў ужо па абноўленых спісах консульства пачне з 1 мая. Падставай для выдачы дазволу могуць служыць наведванне сваякоў, арганізацыя або ўдзел у культурных, адукацыйных, навуковых і спартыўных мерапрыемствах, праводзімых органамі ўлады і ўстановамі Беларусі і Латвіі, валоданне нерухомасцю, наведванне месцаў пахавання сваякоў, атрыманне медыцынскай дапамогі, удзел у мерапрыемствах, звязаных з мясцовымі традыцыямі і правядзеннем рэлігійных абрадаў, рэгулярныя бізнес-кантакты.