15 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першыя самалёты L-410 для авіякампаніі "Віцебск" прыбудуць у аднайменны аэрапорт на працягу найбліжэйшага тыдня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.
Рэалізацыя праекта па стварэнні авіякампаніі і будаўніцтве транспартна-лагістычнага цэнтра ў раёне аэрапорта "Віцебск" пачалася ў сярэдзіне мінулага года. Інвестарам выступіла чэшская кампанія PDW Group s.r.o. Папярэдні аб'ём інвестыцый склаў каля 50 млн. еўра. У адпаведнасці з дагаворам інвестар мае намер стварыць у Віцебску пяць спецыялізаваных кампаній. Авіякампанія будзе абсталёўвацца самалётамі L-410 вытворчасці Чэхіі, таксама разглядаецца магчымасць набыцця ў лізінг іншых лайнераў. Адной з умоў дагавора з'яўляецца стварэнне транспартна-лагістычнага цэнтра ў раёне аэрапорта "Віцебск", а таксама кампаніі сэрвіснага забеспячэння аэрапорта "Віцебск". Прадугледжваецца будаўніцтва гасцініцы і мадэрнізацыя аэравакзальнага комплексу аэрапорта "Віцебск", развіццё дадатковых сэрвісаў.
Па словах Алега Мацкевіча, першапачаткова авіякампанія плануе пачаць перавозкі пасажыраў унутры Беларусі, а таксама ў Калінінград. Адказваючы на пытанне аб магчымай канкурэнцыі вядомаму беларускаму авіяперавозчыку, намеснік старшыні аблвыканкама падкрэсліў, што ў бізнесе канкурэнцыя неабходная і дапамагае развівацца. "Без канкурэнцыі спіцца лепш, але жывецца горш", - прывёў ён вядомае выказванне.
Стварэнне авіякампаніі і будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра ў раёне аэрапорта "Віцебск", па папярэдніх падліках, можа забяспечваць штогадовыя дадатковыя паступленні ў бюджэт у памеры больш за $2 млн. ад развіцця авіяперавозак. Рэалізацыя праекта дазволіць значна павысіць дзелавы і турыстычны патэнцыял Віцебскай вобласці, а ўзвядзенне і арганізацыя ў раёне аэрапорта транспартна-лагістычнага цэнтра на плошчы 35 га актывізуе развіццё грузаперавозак не толькі паветраным, але і наземным транспартам.-0-
БЕЛТА
Першыя самалёты L-410 для авіякампаніі "Віцебск" прыбудуць на наступным тыдні
15.5.20120 праглядаў