26 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першыя ахвяры тонкага лёду з'явіліся ў Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Трывожны званок аб тым, што на возеры тоне чалавек, паступіў увечары 24 снежня з Віцебскага раёна. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, убачылі, што за 15 м ад берага на лёдзе знаходзіцца драўляная вяслярная лодка, напалову напоўненая вадой. У ёй ляжаў чалавек, які самастойна выбрацца на бераг не мог. Лёд быў таўшчынёй каля 3 см, таму ратавальнікам давялося яго разбіваць, перш чым дабрацца да пацярпелага.
Збаўлены мужчына, як высветлілася пазней, знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Пацярпелага, які быў у цяжкім стане, перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. З дыягназам "агульнае пераахаладжэнне" ён быў дастаўлены ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу.
Праз суткі сігнал аб дапамозе прагучаў у Міёрскім раёне: на возеры Язна тануў чалавек. Дзяжурны караул пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №15 Міёрскага раёна, які прыбыў на месца здарэння, устанавіў, што за паўтара дзясятка метраў ад берага ў трыснягу знаходзіцца жанчына і просіць выратаваць яе. З дапамогай вяроўкі жанчыну выцягнулі з вады. Як аказалася, збаўленая пенсіянерка была ў стане алкагольнага ап'янення. Паясніць прычыну, як яна апынулася ў трысняговых зарасніках, збаўленая не змагла. Пасля агляду ўрачамі хуткай медыцынскай дапамогі жанчыну з дыягназам "агульнае пераахаладжэнне" даставілі ў Дзісненскую цэнтральную раённую бальніцу. -0-
БЕЛТА
Першыя ахвяры тонкага лёду з'явіліся ў Віцебскай вобласці
26.12.20110 праглядаў