Першы экіпаж-тысячнік з'явіўся ў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першы экіпаж-тысячнік з'явіўся ў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першыя тысячу тон намалаціла ў Лепельскім раёне каманда ў складзе старшага камбайнера Леаніда Аляксеенкі і яго памочніка Паўла Ханяка.

Ушанаванне лідараў адбылося сёння з удзелам старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шэрстнёва, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, кіраўніцтва прадпрыемства. Механізатарам былі ўручаны ганаровыя дыпломы і грашовая прэмія.

"Першы раз сёлета мы ўшаноўваем перадавікоў уборкі. Першая тысяча з'явілася літаральна за некалькі дзён працы. Гэта сведчыць аб тым, што ёсць хлеб, ёсць тэхніка, на якой яго можна ўбраць без праблем, і ёсць прафесійныя кадры - хлебаробы, якія ведаюць сваю справу і ўкладваюць у яе душу", - падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Мікалай Шэрстнёў акцэнтаваў увагу на тым, што ўборка ў паўночным рэгіёне краіны толькі пачала ўваходзіць у свой тэхналагічны рэжым. Летась на 30 ліпеня жніво ў Віцебскай вобласці практычна яшчэ не пачыналася. Першы працэнт быў убраны толькі 1 жніўня. Цяпер работы вядуцца з апярэджаннем практычна на 10 дзён.

"Надвор'е ўнесла свае карэктывы, аднак у бліжэйшыя паўтары тыдні сіноптыкі абяцаюць добрыя ўмовы. Па сутнасці, пры тэмпе работ па 5% у дзень гэтага часу хопіць, каб убраць асноўны хлеб. Збожжа паспела. Стрымліваючых момантаў для ўборкі няма. Каб не страціць хлеб, мы ўсё зрабілі ў падрыхтоўчы перыяд. Цяпер трэба працаваць ад расы і да расы", - падкрэсліў Мікалай Шэрстнёў.

У асобе першых перадавікоў уборкі Мікалай Шэрстнёў павіншаваў з паспяховым пачаткам жніва ўсіх працаўнікоў вёскі, датычных да гэтай работы, а механізатарам пажадаў добрага надвор'я і ўборкі хлеба без страт.

Усяго, па стане на раніцу 30 ліпеня, у Віцебскай вобласці ўбрана 40,5 тыс. га, або 12,3% плошчаў. Намалочана 117 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 29 ц/га. Сярэдні тэмп уборкі пакуль складае 3,8% плошчаў у дзень, аднак у бліжэйшы час з улікам сухога і гарачага надвор'я, абяцанага на бягучым тыдні сіноптыкамі, яго плануецца нарасціць да 5-7%.

Самая высокая ўраджайнасць па рэгіёне - 35 ц/га - на дадзены момант зафіксавана ў Полацкім раёне. Добры ўраджай збіраюць таксама аграрыі Глыбоцкага (31 ц/га) і Верхнядзвінскага (33 ц/га) раёнаў. У Лепельскім сярэдняя ўраджайнасць складае 29,4 ц/га, тут ужо ўбрана 17,2% плошчаў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)