12 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Першы этап XI Спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва (Спартакіяды студэнцкай моладзі) стартуе сёння ў Наваполацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы.

У Наваполацк прыедуць каля 200 спартсменаў - студэнтаў беларускіх і расійскіх ВНУ, якія будуць змагацца за перамогу ў спаборніцтвах па плаванні, лыжных гонках, настольным тэнісе. Беларусь на спартакіядзе прадставяць фізкультурнікі з БДУ, БНТУ, Брэсцкага дзяржуніверсітэта ім. А.Пушкіна, Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны, Белдзяржуніверсітэта транспарту, Магілёўскага дзяржуніверсітэта ім. А.Куляшова, Віцебскага дзяржуніверсітэта ім. П.Машэрава, Гродзенскага дзяржуніверсітэта ім. Я.Купалы. Пераможцы спаборніцтваў, якія завершацца 16 сакавіка, будуць узнагароджаны медалямі, кубкамі, каштоўнымі падарункамі. Для таго каб студэнты дзвюх дружалюбных дзяржаў лепш пазнаёміліся адзін з адным, запланаваны сумесныя экскурсіі, дыскатэкі, масавае катанне на каньках.

Наступныя этапы Спартакіяды Саюзнай дзяржавы пройдуць у Разані, Маладзечне і Смаленску. "Правядзенне ў межах Саюзнай дзяржавы такога маштабнага мерапрыемства, як спартакіяда, спрыяе рэалізацыі асноўных мэт Саюзнай дзяржавы ў галіне сацыяльнай палітыкі, у тым ліку па развіцці моладзевага фізкультурна-спартыўнага руху і грамадзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення", - упэўнены ў Пастаянным камітэце.

Першая моладзевая Спартакіяда прайшла ў 2002 годзе ў адпаведнасці з рашэннем Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы і праводзіцца штогод за кошт сродкаў саюзнага бюджэту. На правядзенне спартакіяды ў 2002-2012 гадах накіравана больш за 130 млн. расійскіх рублёў.

Арганізатарамі Спартакіяды з'яўляюцца Міністэрствы спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Міністэрства спорту Расійскай Федэрацыі. -0-