6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету рыхтуецца правесці Міністэрства культуры Беларусі падчас XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Мінкультуры Ганна Смальская.
Міністр культуры Павел Латушка на сустрэчы з кіраўнікамі грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікамі беларускамоўных СМІ і беларускай дыяспары з Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Грузіі праінфармаваў аб падрыхтоўцы фестывалю, правядзенне якога запланавана на 8-9 ліпеня 2011 года. Акрамя таго, у Мінску пры ўдзеле беларусаў замежжа будуць рэалізаваны іншыя праекты: выставы мастакоў і фатографаў, сустрэчы з літаратарамі, якія пражываюць за мяжой.
Як адзначыла Ганна Смальская, Павел Латушка і прадстаўнікі беларускай дыяспары абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў сферы культуры і больш актыўны ўдзел прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў культурным жыцці Беларусі. Акрамя таго, беларусы замежжа былі праінфармаваныя аб распрацоўцы праекта дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце" на 2011-2015 гады, сучасным стане і развіцці культуры ў краіне, планах па адкрыцці культурных цэнтраў Беларусі за мяжой на 2011-2015 гады.-0-
БЕЛТА
Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе на "Славянскім базары ў Віцебску"
6.5.20110 праглядаў