Экіпаж філіяла "Зара" ЗАТ "Віцебскаграпрадукт" Чашніцкага раёна Аляксандр Зябко першым у Віцебскай вобласці намалаціў 2000 тон збожжа і рапсу.
Аляксандр працуе камбайнерам больш за 20 гадоў. За гэты час ён зарэкамендаваў сябе як высокакласны спецыяліст, які заўсёды дабіваецца высокіх вытворчых вынікаў. Не аднойчы праца механізатара была адзначана ўзнагародамі рознага ўзроўню.
Прыехалі павіншаваць перадавіка з дасягненнем высокага выніку кіраўніцтва раёна, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Андрэй Булаўкін, прафсаюзны лідар аграрыяў Віцебшчыны Таццяна Дзіканава, старшыня Чашніцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Інна Шыбанава.
Таццяна Дзіканава падзякавала камбайнера за працу, пажадала яму не спыняцца на дасягнутым і надалей заваёўваць вытворчыя вяршыні.
Дыпломы і падарункі ад аграрнага прафсаюза Віцебшчыны - галоўнаму Герою сённяшняга дня!
Аляксандр Зябко запэўніў гасцей, што працягне працаваць з поўнай аддачай сіл.