27 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі азнаменаваў адкрыццё ў Наваполацку філіяла знакамітага тэатра, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Наваполацкім гарвыканкаме.
У гонар знамянальнай культурнай падзеі на сцэне Палаца культуры ААТ "Нафтан" увечары 26 красавіка гучалі фрагменты з класічных опер у суправаджэнні сімфанічнага аркестра тэатра пад кіраўніцтвам дырыжора Вячаслава Воліча ў выкананні народнага артыста Беларусі Сяргея Франкоўскага, заслужанай артысткі Беларусі Ніны Шарубінай, Уладзіміра Громава, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Алены Бундзелевай і Юрыя Гарадзецкага.
У другім аддзяленні выступілі вядучыя майстры беларускага балета: народны артыст Беларусі Ігар Артамонаў, заслужаныя артысты Беларусі Юлія Дзятко, Канстанцін Кузняцоў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ягор Азаркевіч, Канстанцін Геронік, Антон Краўчанка, Віталь Пятроўскі, а таксама артысты балета.
Канцэрт у зале, разлічаным на 750 месцаў, прайшоў з аншлагам. Ён пацвердзіў, што наваполацкая публіка цэніць і разумее класічнае мастацтва.
Наваполацкі філіял Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь стаў другім пасля магілёўскага. Пагадненне аб яго стварэнні было падпісана ў сакавіку бягучага года генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Грыдзюшка, Наваполацкім гарадскім выканаўчым камітэтам і адкрытым акцыянерным таварыствам "Нафтан". Яно прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы арганізацыі гастроляў як асобных артыстаў, так і паказаў спектакляў Вялікага тэатра ў Наваполацку. Пастаноўкі і канцэрты будуць праходзіць штомесяц на сцэне Палаца культуры ААТ "Нафтан" і на іншых пляцоўках горада.
Адкрыццё філіялаў з'яўляецца неад'емнай часткай асветніцкай і сацыяльнай місіі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Вялікі тэатр імкнецца прадстаўляць скарбы сусветнага класічнага музычнага мастацтва беларускім гледачам ва ўсіх рэгіёнах краіны, пашыраць гледацкую аўдыторыю, ствараць больш магчымасцей для эстэтычнага выхавання маладога пакалення і прыцягнення гледачоў да высокага мастацтва.-0-
БЕЛТА
Першы канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі прайшоў у наваполацкім філіяле
27.4.20120 праглядаў