Першы самалёт L-410 для кампаніі "Вітавія" прызямліцца ў віцебскім аэрапорце ў студзені 2012 года
25.10.20110 праглядаў
25 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Першы самалёт L-410 для авіякампаніі "Вітавія" прызямліцца ў віцебскім аэрапорце ў студзені 2012 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня савета дырэктараў групы кампаній "Вітавія Холдынг" Павел Гароднаў.
У 2012 годзе "Вітавія" плануе прыняць два борта L-410 чэшскай кампаніі Aircraft Industries a.s. Пастаўка другога самалёта запланавана на сакавік. Абодва паветраныя судны будуць выкананы ў пасажырскай мадыфікацыі і разлічаны на 17 месцаў з магчымасцю пераабсталявання ў салон бізнес-класа на восем пасажыраў. Па дамоўленасці з кампаніяй-вытворцам на яе базе арганізуецца перападрыхтоўка віцебскіх лётных экіпажаў, першы з якіх адправіцца ў Чэхію ў снежні бягучага года.
Усяго самалётны парк "Вітавія" будзе налічваць пяць самалётаў L-410, на іх куплю будзе накіравана каля 17 млн. еўра. Кампанія мае намер развіваць рэгіянальныя пасажырскія перавозкі і прапрацоўвае магчымасць у будучым годзе адкрыць рух па маршрутах Віцебск-Масква, Віцебск-Варшава і Віцебск-Калінінград, пры гэтым не выключаецца магчымасць з'яўлення іншых напрамкаў палётаў. Так, па выніках рабочай сустрэчы ў Гомельскім аблвыканкаме прынята рашэнне аб развіцці авіяперавозак з Гомеля. Для гэтага ў Гомелі прадугледжваецца стварыць філіял віцебскай кампаніі і ўключыць Гомельскую вобласць у праектуемы план палётаў "Вітавія", дадаў Павел Гароднаў.
Паралельна з развіццём авіякампаніі вядзецца падрыхтоўчая праца па ўзвядзенні інфраструктуры ў віцебскім аэрапорце. Кампанія атрымала дазвол на праектаванне будаўніцтва стаянак, ангараў, мытнага склада плошчай каля 5 тыс. кв.м. Акрамя таго, адведзена каля 32 тыс. кв.м пад будаўніцтва адміністрацыйнага комплексу, які ўключае аэравакзал дзелавой авіяцыі, а таксама прыкладна 47,5 га пад праектаванне транспартна-лагістычнага цэнтра. "На жаль, дазвол на праектаванне нам быў выдадзены толькі 10 кастрычніка, што прывяло да затрымкі распрацоўкі і ўзгаднення праекта бізнес-плана", - адзначыў Павел Гароднаў. Разам з тым, нягледзячы на затрымку, кампанія мае намер выканаць свае абавязацельствы і прадставіць бізнес-план у аблвыканкам да пачатку лістапада, дадаў ён.
Група кампаній "Вітавія Холдынг" створана з удзелам чэшскай кампаніі PDW Group s.r.o. для рэалізацыі ў Віцебску інвестпраекта па развіцці інфраструктуры аэрапорта Віцебск. Праект прадугледжвае стварэнне авіякампаніі, а таксама кампаніі па абслугоўванні бізнес-авіяцыі, палівазаправачнай і кампаніі па абслугоўванні аэрапорта, транспартна-лагістычнага цэнтра ў раёне віцебскага аэрапорта. Папярэдні аб'ём інвестыцый складае каля 50 млн. еўра.-0-
БЕЛТА