Новы 40-кватэрны жылы дом урачыста ўведзены ў горпасёлку Ушачы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.
Новы 40-кватэрны жылы дом урачыста ўведзены ў горпасёлку Ушачы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.
"Апошні шматкватэрны жылы дом ва Ушачах быў уведзены ў 2012 годзе, з 2013-га ў раёне не вялося будаўніцтва шматкватэрнага жылля. Між тым на 1 студзеня гэтага года на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стаяла 709 чалавек, з іх шматдзетных сем'яў - 50. Таму ў траўні і было пачата будаўніцтва першага ў раёне долевага 40-кватэрнага жылога дома па вул. Віцебскай", - растлумачылі ў райвыканкаме.
Заказчыкам работ выступіла УКС Ушацкага раёна, а падрадчыкам - Шумілінская ПМК-70. Праект распрацаваў "Віцебсксельбудпраект". Будаўніцтва вялося з дзяржаўнай падтрымкай, на правядзенне інжынерна-транспартнай інфраструктуры былі выдзелены сродкі з абласнога бюджэту. Усе 40 дагавораў заключаны з дальшчыкамі з ліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: 20 кватэр пабудавана для шматдзетных сем'яў (у тым ліку 7 з іх дзяржава кампенсавала поўны кошт жылля) і 20 - для сем'яў згодна з чаргой тых, хто мае патрэбу на ўліку ў райвыканкаме.
"Усяго на 2016 год была прадугледжана крэдытная лінія ў памеры Br13,2 млрд (недэнiмiраваных) пры агульным кошце будаўніцтва крыху больш Br20 млрд. Уласныя сродкі дальшчыкаў складалі Br1,11 млрд. Аднак з улікам важнасці гэтага, па сутнасці, сацыяльнага аб'екта, у далейшым усе неабходныя сродкі крэдытных рэсурсаў былі выдзелены", - дадалі ў райвыканкаме.
Хоць сам дом ужо ўведзены, перанесена на спрыяльны перыяд года работы па вонкавым аздабленні і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Таму на мерапрыемстве быў пакуль толькі ўручаны сімвалічны ключ заказчыку. Будучыя новасёлы таксама прыйшлі паглядзець на вынік прац будаўнікоў. Нягледзячы на тое, што Новы год гэтыя сем'і сустрэнуць яшчэ ў сваім старым жыллі, яны ўжо прадчуваюць надыходзячыя прыемныя клопаты па ўладкаванні сваіх новых кватэр.