17 студзеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Першы ў сельскіх рэгіёнах Віцебскай вобласці кінатэатр фармату 3D адкрыецца сёння ў Талачыне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўнітарным прадпрыемстве "Кінавідэапракат" Віцебскага аблвыканкама.
Сучасная зала на 280 пасадачных месцаў будзе дзейнічаць на базе рэканструяванага і капітальна адрамантаванага кінатэатра "Колас", які быў пабудаваны ў райцэнтры ў 1967 годзе. Рэканструкцыя аб'екта пачалася ў 2008 годзе. За гэты час праведзены велізарны комплекс работ: умацаваны сцены, ажыццёўлена замена даху, вокнаў і дзвярэй, праведзены капітальны рамонт усіх памяшканняў. Рэканструяваны кінатэатр аснашчаны сучасным лічбавым кінатэхнічным абсталяваннем, тут устаноўлена зручная мэбля, ёсць сістэма відэаназірання. З абласнога і раённага бюджэтаў на мадэрнізацыю і тэхнічнае аснашчэнне ўстановы было накіравана Br3,7 млрд.
"Адкрыцця кінатэатра жыхары райцэнтра чакаюць з нецярпеннем. У першы час ён будзе выкарыстоўвацца не толькі для кінасеансаў, але і для правядзення канцэртаў і іншых святочных мерапрыемстваў. Іншага месца проста няма - Дом культуры закрыты на рамонт. Акрамя асноўнай залы плануем актыўна выкарыстоўваць фае. Яно вельмі прыгожае і прасторнае - ідэальна падыходзіць для правядзення ўрачыстых цырымоній рэгістрацыі шлюбу", - сказала дырэктар прадпрыемства "Талачынская райкінавідэасетка" Ірына Равяка, дадаўшы, што сёння ў кінатэатры чакаецца аншлаг.
Кіназалу фармату 3D у бягучым годзе плануецца адкрыць таксама ў Гарадку.
У Віцебскай вобласці дзейнічаюць 3D кіназалы ў Віцебску (адзін у "Доме кіно" і два ў кінатэатры "Мір"), па адным у Полацку і Наваполацку.-0-