4 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Першы від аўстралійскіх млекакормячых паселіцца ў Віцебскім заапарку праз пару тыдняў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага заасада Ірына Арлова. За ўласныя сродкі заапарк набыў пару кенгуру бенэта ў Калінінградскім заапарку. Гэты від траваедных невялікіх кенгуру жыве ў аўстралійскіх саваннах, сустракаецца і на раўнінах, і ў гарах. Іх адметнай рысай з'яўляюцца вельмі кароткія пярэднія лапы і доўгі моцны хвост. Перасоўваюцца яны скачкамі, скачучы часам на дзесяць метраў. Сумчатых даставяць у Віцебск тым жа шляхам, якім два гады таму з гэтага ж заапарку дастаўлялі льва Марка: спачатку самалётам з Калінінграда ў Мінск, а затым аўтамабілем на новае месца жыхарства. Як адзначыла Ірына Арлова, у Віцебскім заапарку (самым паўночным у Беларусі) выдатна сябе адчуваюць лама і насуха - жыхары Паўднёвай Амерыкі, антылопа нільгау, радзімай якой з'яўляецца Азія, афрыканскі леў і, зразумела, еўрапейскія віды: лось, мядзведзь. Пры гэтым разнастайнасць жывёл працягвае пашырацца. Ужо наступнай вясной сюды прыбудзе вярблюд з Ніжагародскага заасада, вядуцца перамовы па набыцці і абмене іншымі жывёламі. Вялікую дапамогу ў набыцці жывёл заапарку аказваюць спонсары і мясцовыя жыхары, робячы добраахвотныя ахвяраванні на рахунак заапарка. Толькі летась за кошт дабрачынцаў калекцыя папоўнілася сямі відамі млекакормячых, у тым ліку насуха, лама, антылопа нільгау, мядзведзь, зубр. Віцебскі заалагічны парк быў заснаваны 30 сакавіка 1992 года на базе існаваўшага ў горадзе тэатра звяроў. У цяперашні час тут на плошчы 1,3 га ўтрымліваецца звыш 70 відаў жывёл - больш за 1 тыс. асобін. -0-

БЕЛТА