З МАЛОЙ ДЗЕЙНАСЦІ ПАЧЫНАЕЦЦА ВЯЛІКІ КРОК Да выдачы дазволаў на спрошчанае перасячэнне дзяржаўнай мяжы жыхарамі памежных тэрыторый Беларусі і Латвіі засталіся лічаныя дні: у адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый консульскія ўстановы пачнуць прыём дакументаў на выдачу дазволаў ужо з 1 лютага бягучага года. У консульства Латвіі ў Віцебску ўжо паступілі спісы жыхароў памежных тэрыторый Віцебскай вобласці, якія пажадалі скарыстацца магчымасцю мясцовага памежнага руху, распавяла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Дагнія Лацэ-Атэ. Як і чакалі, першы спіс з беларускага боку не такі вялікі - у ім каля 200 чалавек. З латвійскага боку ў першым спісе каля 4 тыс. чалавек. Гэта абумоўлена тым, што да тэрыторыі, жыхары якой могуць скарыстацца правам спрошчанага перасячэння мяжы, адносяцца такія буйныя гарады, як Даўгаўпілс і Краслава. Спісы, перададзеныя ў консульства, сфарміраваны мясцовымі сельскімі, пасялковымі і гарадскімі выканкамамі на падставе заяў грамадзян. Аднак гэтыя пералікі не канчатковыя. Грамадзяне могуць падаваць заявы па меры неабходнасці, і кожныя тры месяцы спісы будуць абнаўляцца. Наступны будзе сфарміраваны да 1 красавіка, а прыём заяў на выдачу дазволаў ужо па абноўленых спісах консульства пачне з 1 мая, удакладніла Дагнія Лацэ-Атэ.