Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян прыбыў у Палац Незалежнасці на перамовы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Урачыстая цырымонія сустрэчы з удзелам роты ганаровай варты адбылася ва ўнутраным двары Палаца Незалежнасці. Там прагучалі гімны дзвюх краін, пасля чаго Аляксандр Лукашэнка і Масуд Пезешкіян накіраваліся ў Залу ўрачыстых цырымоній для сумеснай фотаздымкі.

Чакаецца, што прэзідэнты абмяркуюць супрацоўніцтва дзвюх краін у сферах гандлю, інвестыцый і прамысловай кааперацыі, рэалізацыю сумеснх ініцыятыў у навуцы, тэхналогіях, адукацыі, а таксама ўзаемадзеянне дзяржаў у межах міжнародных структур, у тым ліку ЕАЭС, ШАС, БРІКС, ААН. У цэнтры ўвагі будуць і пытанні забеспячэння рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.

Дынаміка знешняга гандлю Беларусі і Ірана за апошнія пяць гадоў дэманстравала рост. Калі ў 2020 годзе таваразварот знаходзіўся на ўзроўні $24,7 млн, то да 2024 года ён перавысіў адзнаку ў $113 млн. У студзені - чэрвені гэтага года таваразварот склаў $74,4 млн, павялічыўшыся на 33,6% да аналагічнага перыяду мінулага года.

belta.by