П.Грушнік: стан працы з грамадзянамі – адзін з крытэрыяў ацэнкі дзейнасці органаў дзяржкіравання
27.9.20110 праглядаў
27 верасня, Віцебская вобласць /Кар. БЕЛТА/. Стан работы з грамадзянамі з'яўляецца адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання. Такое меркаванне выказаў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік сёння на адкрыцці рэспубліканскага семінара, прысвечанага рабоце са зваротамі грамадзян у сацыяльна-працоўнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дапамагчы чалавеку вырашыць яго пытанне або падказаць шляхі яго вырашэння - гэта наша з вамі задача", - падкрэсліў Пётр Грушнік, звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара, які Мінпрацы і сацабароны праводзіць 27-28 верасня ў Оршы, Чашніках і Новалукомлі (Віцебская вобласць). У ім прымаюць удзел кіраўнікі і спецыялісты Мінпрацы і сацабароны, профільных камітэтаў аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, арганізацый сістэмы міністэрства, а таксама прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Семінар арганізуецца для ўдасканалення механізму зваротнай сувязі па найбольш вострых праблемах, якія хвалююць людзей. Яго мэта - павышэнне кваліфікацыі кадраў у рабоце са зваротамі грамадзян, абмен вопытам, далейшае павышэнне эфектыўнасці работы ў гэтай сферы. Плануецца разгледзець магчымасці і перспектывы прымянення інфармацыйных тэхналогій у рабоце з грамадзянамі.
"У праграму семінара ўключаны новыя формы сумеснай работы - круглы стол, трэнінг, - адзначыў Пётр Грушнік. - Так, за круглым сталом плануецца абмеркаваць нормы прынятых у гэтым годзе нарматыўных прававых актаў па пытаннях арганізацыі работы са зваротамі грамадзян. Адбудзецца прынцыповая размова аб недапрацоўках, якія выяўлены рабочай групай міністэрства, з мэтай іх ліквідацыі і недапушчэння ў далейшым. Будуць разгледжаны пытанні ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур у межах норм заканадаўства па пытаннях дзяржпадтрымкі сем'яў з дзецьмі".
Ён праінфармаваў, што трэнінг на тэму "Кіраванне канфліктам як функцыя кіраўніка. Метады прадухілення і пагашэння канфлікту падчас асабістых прыёмаў грамадзян" распрацаваны спецыялістамі Рэспубліканскага цэнтра прафарыентацыі моладзі і Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Мінпрацы і сацабароны.
"З 2006 года з мэтай удасканалення работы з насельніцтвам рэспубліканскія семінары праводзяцца пераважна на базе маяковых службаў - лепшых у сваім рэгіёне, - сказаў першы намеснік міністра. - Наша задача - узяць на ўзбраенне ўсё лепшае з рэгіянальнага вопыту".
Сёння Пётр Грушнік у Оршы правядзе рабочую сустрэчу з кіраўніцтвам горада, а таксама наведае Аршанскі льнокамбінат, дзе азнаёміцца з працай прадпрыемства і сустрэнецца з працоўным калектывам.-0-
БЕЛТА