Пісьменнікі з 15 краін прымуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства ў Полацку. Пра гэта ішла размова на пасяджэнні нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пісьменнікі з 15 краін прымуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства ў Полацку. Пра гэта ішла размова на пасяджэнні нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасяджэнне прайшло ў Полацку пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Васіля Жарко, пры ўдзеле міністраў інфармацыі і культуры, прадстаўнікоў іншых зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў.

На Дне беларускага пісьменства ў Полацку адбудзецца мноства мерапрыемстваў, у тым ліку круглы стол літаратараў, у якім плануецца ўдзел прадстаўнікоў 15 краін. Асвятляць падзеі Дня пісьменства будуць беларускія і замежныя журналісты. "Звычайна на свяце працуе каля 100 прадстаўнікоў СМІ, сёлета мы чакаем большую колькасць журналістаў, замежных у тым ліку", - адзначыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

За аснову канцэпцыі мастацка-гістарычнага дзеяння "Беларускі шлях", якое стане часткай урачыстага адкрыцця, узяты дзве юбілейныя даты: 1155-годдзе Полацка і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. "Гэта будзе аповяд пра Полацк і музычна-тэатралізаваны блок, прысвечаны сучаснай Беларусі, - падкрэсліла Лілія Ананіч. - Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці, найбуйнейшы культурны цэнтр, гэты горад сімвалізуе беларускую духоўнасць. Сучасная Беларусь - міралюбная, прыязная, адкрытая свету краіна, якая ў сучасны няпросты час імкнецца захаваць сябе. Беларускі шлях - гэта шлях да ўзаемнай павагі і ўзаемнага разумення, шлях да згоды і міру, сацыяльнай справядлівасці і духоўнага развіцця чалавека".

На Дне пісьменства ў Полацку адбудуцца свята сярэднявечнай культуры "Рубон", фінал конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка", будуць арганізаваны выстава старадрукаваных выданняў, фестываль кнігі і прэсы, фінальныя мерапрыемствы навукова-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да святыняў". Адной з галоўных пляцовак свята стане Музей беларускага кнігадрукавання, дзе пройдзе некалькі выстаў, у тым ліку выставы манет ад Нацыянальнага банка, выстава Псалтыроў з усёй Беларусі. Акрамя гэтага, у музеі можна будзе ўбачыць працу афортнага станка. У Сафійскім саборы адбудуцца два канцэрты. У Полацку на свяце будзе прэзентавана выстава пленэру "Полацк у гравюрах сучасных мастакоў".

На пленарным пасяджэнні разгледжаны ключавыя моманты падрыхтоўкі Дня пісьменства. Удзельнікі аргкамітэта таксама азнаёміліся з падрыхтоўкай асноўных аб'ектаў да свята, наведалі Мастацкую галерэю, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Сафійскі сабор, Музей беларускага кнігадрукавання.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)