29 жніўня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Пісьменнікі з сямі краін стануць гасцямі Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміла сёння журналістам першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сярод запрошаных - паэты, пісьменнікі, драматургі, публіцысты з Расіі, Украіны, Азербайджана, Таджыкістана, Сербіі, Чарнагорыі, Туркменістана. Усе яны прымуць удзел у міжнародным круглым стале "Пісьменнік. Кніга. Час", які адбудзецца 1 верасня. Арганізатарамі круглага стала выступілі Міністэрства інфармацыі, РВУ "Літаратура і мастацтва", выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Як адзначыла Лілія Ананіч, суразмоўцы выкажуць сваё меркаванне аб месцы і ролі літаратуры і пісьменніка ў сучасным грамадстве, пагавораць аб найноўшых тэхналогіях і іх уплыве на літаратуру і г.д. Асноўныя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства пройдуць 2 верасня, а 1 верасня ім будзе папярэднічаць адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай пісьменніку і публіцысту Леанцію Ракоўскаму, выстава-прэзентацыя "Паэтычная гасцёўня" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаная творчасці народных паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка. Таксама адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХ Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры", будуць працаваць выставы друкаваных рарытэтаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і гісторыі пісьменства з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. У гэты ж дзень адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя "Глыбоцкае чытанне". Лілія Ананіч звярнула асаблівую ўвагу на конкурс юных чытальнікаў Глыбоцкага раёна "Жывая класіка" да юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, які пройдзе на Дне пісьменства ўпершыню. Першы намеснік міністра інфармацыі выказала надзею на тое, што ў 2013 годзе, калі свята будзе прымаць Быхаў Магілёўскай вобласці, конкурс юных чытальнікаў ужо будзе арганізаваны на рэспубліканскім узроўні. У далейшым яго плануецца зрабіць штогадовым.