13 мая, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Віцебску за студзень-красавік 2014 года ўведзены ў эксплуатацыю пяць дамоў са звышнаркатыўнымі тэрмінамі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела будаўніцтва Віцебскага гарвыканкама Ігар Кадушка.

У першым квартале былі здадзены чатыры такія дамы агульнай плошчай каля 22 тыс. кв.м. Яшчэ адзін даўгабуд, тэрмін здачы якога мінуў у лістападзе 2013 года, уведзены ў канцы красавіка.

У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы ўсе шматкватэрныя жылыя дамы, нарматыўныя тэрміны ўводу якіх мінулі ў 2013 годзе, павінны быць здадзены ў эксплуатацыю да 1 ліпеня бягучага года. Віцебскія будаўнікі з гэтай задачай спраўляюцца. "Адзіным з гэтай катэгорыі застаецца 206-кватэрны жылы дом па вул. Чапаева, нарматыўны тэрмін будаўніцтва якога мінуў у студзені. Яго ўвод запланаваны на май, і, зыходзячы з тэмпаў работ, ён не будзе сарваны, - падкрэсліў Ігар Кадушка. - Па выніках першага квартала агульная плошча ўведзенага жылля, у тым ліку індывідуальнага, склала 28,6 тыс. кв.м, або 17,4% ад гадавога задання замест устаноўленых на гэты перыяд 15%".

У нарматыўныя тэрміны ў красавіку быў здадзены 120-кватэрны дом КПД №17 у мікрараёне Білева-3. У маі павінны быць уведзены тры шматкватэрныя жылыя дамы: даўгабуд па вул. Чапаева, КПД №16 у мікрараёне Білева-3 і дом па вул. Камсамольская.

Планы па індывідуальным будаўніцтве таксама выконваюцца. У першым квартале ўведзены індывідуальныя дамы агульнай плошчай 6684 кв.м. На гэты год запланавана здаць у эксплуатацыю 34 тыс. кв.м індывідуальнага жылля. Найбольш актыўна забудоўваюцца ўскраіны, далучаныя да горада, - Біцелева, Васьковічы, Тулава. Чэргі па зямельных участках практычна няма.

"Усяго ў бягучым годзе ў Віцебску плануецца здаць у эксплуатацыю не менш за 164,9 тыс. кв.м жылля. Вырашальным фактарам з'яўляецца гатоўнасць банка выдаваць крэдыты на будаўніцтва сямі дамоў па дзяржзаказе для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў", - рэзюмаваў прадстаўнік гарвыканкама.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)