6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пяць кіраўнікоў у Віцебскай вобласці прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці ў першым квартале 2012 года за парушэнні патрабаванняў указа ад 5 снежня 1997 года №630 "Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным Камітэце дзяржаўнага кантролю.
Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласці выяўляюцца шматлікія парушэнні ў частцы ненакіравання, а таксама несвоечасовага накіравання дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі ў СМІ звестак аб выніках разгляду апублікаваных у іх крытычных матэрыялаў і прынятых па іх мерах. Напрыклад, рэдакцыяй раённай газеты "Наша Талачыншчына" у адрас Талачынскага райвыканкама 9 лістапада 2011 года было накіравана паведамленне аб апублікаваным у газеце 19 кастрычніка 2011 года крытычным артыкуле "Хто начальнік над пустазеллем у горадзе" аб недастатковай працы, якая праводзіцца пры выкананні праграмы "Дворы". Пры гэтым у парушэнне патрабаванняў указа №630 звесткі аб выніках разгляду гэтага крытычнага матэрыялу і прынятых мерах Талачынскім райвыканкамам у раённую газету ва ўстаноўлены тэрмін накіраваны не былі. Па прапанове КДК вобласці за дапушчанае парушэнне патрабаванняў указа начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці. Аналагічныя парушэнні ў першым квартале 2012 года былі выяўлены ў дачыненні да філіяла "Повяце" ААТ "Міёрскі камбікормавы завод", ААТ "Узменскі край", ААТ "Мерыца" (Міёрскі раён) і Віцебскага гарвыканкама.
КДК звяртае ўвагу кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў усіх форм уласнасці на няўхільнае выкананне патрабаванняў кіраўніка дзяржавы па гэтым пытанні і нагадвае, што ў адпаведнасці з пунктам 4 указа на кіраўнікоў арганізацый ускладзена персанальная адказнасць за выкананне патрабаванняў па разглядзе крытычных матэрыялаў і накіраванні звестак аб выніках іх разгляду, а таксама аб прынятых мерах у адпаведныя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі на працягу месяца з моманту апублікавання або выхаду ў эфір такіх паведамленняў. Невыкананне без уважлівых прычын гэтых патрабаванняў цягне прымяненне да службовых асоб мер дысцыплінарнай адказнасці аж да вызвалення іх ад займаемых пасад.-0-
БЕЛТА
Пяць кіраўнікоў пакараны ў Віцебскай вобласці за парушэнні ўказа аб рэагаванні на крытыку ў СМІ
6.4.20120 праглядаў