Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру сёлета адкрые пяць школ міру і запусціць сумесны з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама праект па стварэнні безбар'ернага асяроддзя.
У 2021 годзе грамадскія актывісты нададуць асаблівую ўвагу рабоце з моладдзю і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Яркі прыклад дадзенай дзейнасці – цэнтры дзіцячай міратворчасці «Школа міру», якіх на Віцебшчыне функцыянуе ўжо шэсць, яшчэ пяць рыхтуюцца да адкрыцця.
Так, на завяршальнай стадыі стварэнне школы міру на базе Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 ім. Ф. Скарыны. Варта адзначыць, што не першы год полацкія гімназісты ўдзельнічаюць у акцыях і праектах Фонду міру. Пры падтрымцы грамадскай арганізацыі быў рэканструяваны помнік у гонар загінуўшых настаўнікаў і вучняў, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчаны ва ўнутраным дворыку ўстановы адукацыі. У самім будынку адкрыта Галерэя міру, устаноўлены стэнды «У страі заўсёды – у памяці навечна», інфармацыю для якіх збіралі навучэнцы разам з педагогамі.
Таксама разглядаецца пытанне аб прысваенні ў найбліжэйшы час ганаровага звання «Школы міру» установам адукацыі ў Лепелі, Глыбокім, Чыгуначным раёне Віцебска і Віцебскім раёне.
У сваю чаргу старшыня праўлення ГА «Беларускі фонд міру» Максім Місько падкрэсліў, што праца з дзецьмі ў рамках школ міру павінна быць напоўненай.
– Сёння важна не проста запрашаць дзяцей на нашы мерапрыемствы, акцыі, а старацца рабіць іх паўнавартаснымі ўдзельнікамі падзей. Той жа патрыятызм пранікае ў душу перш за ўсё як пачуццё, якое трансфармуецца ў ідэю, а яна ўжо ў дзеянне, – абазначыў падыходы ў працы з падрастаючым пакаленнем Максім Уладзіміравіч.
У пацвярджэнне сказанага ён прапанаваў прыцягнуць школьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі да малебна на мемарыяльным комплексе памяці ахвяр фашызму «Урочышча «Пяскі» ў Полацку, правесці які Фонд міру запланаваў на наступнае лета па папярэдняй дамоўленасці з прадстаўнікамі ўсіх рэлігійных канфесій.
Дарэчы, гэты мемарыял можна лічыць самым маштабным праектам Фонду міру ў межах праграмы «Памяць» за апошнія гады. За перыяд будаўніцтва дабрачыннай арганізацыяй было пералічана больш за 220 тыс. рублёў, з іх амаль 60 тыс. – у 2020-м.
Усяго на добраўпарадкаванне памятных месцаў, воінскіх пахаванняў, рамонт і рэканструкцыю помнікаў Віцебскае абласное аддзяленне БФМ у мінулым годзе накіравала 176 тыс. рублёў. Дзякуючы гэтым добраахвотным ахвяраванням, спонсарскім пералічэнням мясцовых жыхароў, арганізацый, прадпрыемстваў будзе ўстаноўлены памятны знак вязням канцлагераў на тэрыторыі мемарыяла «5-ы полк» у Віцебску, выраблены стэнды, прысвечаныя Героям Савецкага Саюза з ліку ўраджэнцаў Гарадоцкага раёна, скульптурная кампазіцыя «Салдат-Пераможца» ў аграгарадку Опса на Браслаўшчыне і многае іншае.
Больш за 230 тыс. рублёў Віцебскае абласное аддзяленне Фонду міру накіравала летась на міратворчую, гуманітарную, грамадзянска-патрыятычную дзейнасць. У сувязі з пандэміяй каранавіруса аказана дапамога больш чым дзесяці ўстановам аховы здароўя рэгіёну, атрымалі ганаровыя граматы і матэрыяльную падтрымку 130 медыкаў, занятых у барацьбе з COVID-19.
З нагоды падвядзення вынікаў года лепшыя актывісты арганізацыі адзначаны падзякамі абласнога аддзялення БФМ. За ўклад у грамадзянска-патрыятычную дзейнасць узнагароды грамадскім дзеячам уручыў ваенны камісар Полацкага, Расонскага раёнаў і Наваполацка Аляксандр Скальзаеў.
Цяперашні год для Фонду міру праходзіць пад знакам 60-годдзя арганізацыі. Віцебскае рэгіянальнае прадстаўніцтва мае намер не толькі працягнуць устояныя добрыя традыцыі, але і даць старт новым праектам.
– Адзін з раздзелаў праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021 – 2025 гады звяртае ўвагу на ўзмацненне адраснай сацыяльнай дапамогі. У сувязі з гэтым сумесна з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама распрацоўваецца праект пад рабочай назвай «Мір без межаў». Забеспячэнне паўнавартаснага ўдзелу асоб з інваліднасцю ў жыцці грамадства шляхам стварэння для іх безбар'ернага асяроддзя – гэта задача сацыяльных службаў і іх партнёраў, у тым ліку такіх, як Фонд міру, – падзялілася планамі арганізацыі Таццяна Туманава.
Крыніца