21 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першы дзень бізнес-форуму ў Віцебску прайшоў вынікова, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Усяго за сённяшні дзень прадстаўнікі прадпрыемстваў і мясцовых органаў улады Віцебскай вобласці падпісалі пяць пратаколаў намераў аб супрацоўніцтве і пяць пагадненняў з замежнымі інвестарамі і кампаніямі. Так, праект коштам 1,7 млн. еўра ў сферы перапрацоўкі прамысловых адходаў і вытворчасці біягазу на філіяле "Чашніцкі спіртзавод" Полацкага вінзавода мае намер рэалізаваць замежная арганізацыя Live Green Org Ngo. Жаданне пабудаваць завод па вытворчасці гіпсакардону з аб'ёмам інвестыцый у 800 тыс. еўра ў Полацкім раёне дакументальна аформіла азербайджанская вытворча-камерцыйная фірма "Турал К". Пратакол намераў аб будаўніцтве трох гандлёва-забаўляльных і культурна-дзелавых цэнтраў у Віцебску падпісаў прадстаўнік замежнай кампаніі OU Euro Petrol System. Увагу патэнцыйных інвестараў змаглі таксама прыцягнуць Сенненскі і Докшыцкі райвыканкамы. Шэраг новых аб'ектаў у бліжэйшы час можа з'явіцца ў Полацку. Пагадненне з мясцовым гарвыканкамам аб будаўніцтве гандлёвага аб'екта коштам $1,4 млн. падпісаў прадстаўнік ЗАТА "Глера Маркет" і аб узвядзенні трох сучасных аўтамыйных комплексаў (600 тыс. еўра) СТАА "Бескантактная аўтамыйка". Паглыбленню далейшых эканамічных кантактаў будуць спрыяць пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыйнага абмену паміж Віцебскім гарвыканкамам, інфармацыйна-кансалтынгавай асацыяцыяй "Горад Віцебск і Кампанія" і Відземскай тэлерадыёкампаніяй (Латвія). Пашырэнню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва беларускіх і латвійскіх прадпрыемстваў закліканы спрыяць пагадненні, заключаныя Віцебскім аддзяленнем БелГПП і Ліепайскім аддзяленнем Гандлёва-прамысловай палаты Латвіі, а таксама СЭЗ "Віцебск" з Канфедэрацыяй прамыслоўцаў Латвіі. II Міжнародны форум "Інавацыйны бізнес - інвестыцыі будучыні" праходзіць у Віцебску 21-22 кастрычніка. Мерапрыемства заклікана актывізаваць працэсы супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, гарадамі, суб'ектамі гаспадарання, спрыяць нарошчванню экспартнага і інвестыцыйнага патэнцыялу, садзейнічаць рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў, прэзентаваць інавацыйныя ідэі і распрацоўкі. Арганізатарам бізнес-форуму выступае Віцебскі аблвыканкам.-0-

БЕЛТА