17 кастрычніка, Віцебск/Алена Ціханава - БЕЛТА/. Пятая навуковая канферэнцыя "Віцебскія старажытнасці", прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння педагога і гісторыка Уладзіміра Краснянскага, пройдзе ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі 17-18 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

У мерапрыемстве возьмуць удзел як масцітыя беларускія гісторыкі і археолагі, так і аспіранты, студэнты, краязнаўцы з Мінска, Віцебска і Полацка. На канферэнцыі прагучыць каля 50 дакладаў аб апошніх выніках археалагічных раскопак і навуковых даследаванняў. Акрамя таго, у музеі будзе адкрыта выстава, прысвечаная Уладзіміру Краснянскаму.

"Нягледзячы на юбілеі, з якімі звязана правядзенне канферэнцый, тэматыка дакладаў заўсёды значна шырэйшая: ад глыбокай старажытнасці да падзей 1920-х гадоў - археалогія, гісторыя, архітэктура, мастацтва і культурнае жыццё, сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, гісторыя музеяў і музейных калекцый, лёсы выдатных людзей. Закранаецца гісторыя земляў, якія ўваходзілі раней у склад Полацкага княства, Віцебскага і Полацкага ваяводстваў, Віцебскай губерні", - адзначылі ў музеі.

Ідэя аб правядзенні штогадовай навуковай канферэнцыі, прысвечанай гісторыі Віцебшчыны, узнікла ў 2008 годзе падчас святкавання 90-годдзя Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Праз год адбылася першая канферэнцыя, прысвечаная 50-годдзю з часу знаходкі ў Віцебску берасцяной граматы і 150-годдзю першага дырэктара музея, калекцыянера Антона Брадоўскага. У 2010 годзе галоўнай тэмай канферэнцыі стала 90-годдзе з дня нараджэння вядомага гісторыка і археолага Леаніда Аляксеева. У 2012-м - святкаванне юбілею вайны 1812 года. Усяго на канферэнцыях 2009-2012 гадоў прагучала больш за 160 дакладаў, большая частка якіх апублікавана ў зборніках матэрыялаў.

Педагог, гісторык, музейны работнік і краязнавец Уладзімір Краснянскі з 1911 па 1918 гады жыў у Віцебску (у доме №4 па вуліцы Талстога), працаваў дырэктарам рэальнага вучылішча, быў членам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Краезнаўчую дзейнасць пачаў з раскопак курганоў у Барысаўскім павеце. Аўтар прац аб падзеях Айчыннай вайны 1812 года, гісторыі Мсціслава, Мінскай гімназіі, старажытнай архітэктуры Віцебска і Беларусі, арганізацыі музейнай справы ў Віцебску. -0-

 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)