14 ліпеня, Віцебск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Міністр культуры Беларусі Павел Латушка разлічвае на актывізацыю беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы кінавытворчасці. Пра гэта ён расказаў журналістам пасля перамоваў з міністрам культуры Расіі Аляксандрам Аўдзеевым, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. "Мы гаварылі аб сумеснай кінавытворчасці, у гэтай сферы Расія з'яўляецца для нас вядучым партнёрам. З улікам змянення падатковага заканадаўства ў Беларусі з'яўляюцца дадатковыя перспектывы ў рэалізацыі сумеснх кінапраектаў", - сказаў Павел Латушка. Міністры абмеркавалі магчымасць садзейнічання Мінкультуры Расіі па вяртанні ў Беларусь арыгінальных фільмаў, якія адносяцца да залатой калекцыі нацыянальнага кінематографа і знаходзяцца на захоўванні ў архівах Расійскай Федэрацыі. "Гэтай тэмай мы займаемся з 1998 года і спадзяёмся, што пры падтрымцы расійскага боку нам удасца зрушыць яе з мёртвай кропкі", - адзначыў Павел Латушка.-0-

БЕЛТА