19 снежня, Мінск /Алена Дзямешка - БЕЛТА/. Інтэрв'юеры Беларускага камітэта моладзевых арганізацый (БКМА) апыталі амаль 27 тыс. чалавек на 300 выбарчых участках Беларусі. Паводле даных экзіт-полу за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 81,42% апытаных. Пра гэта паведаміла журналістам прадстаўніца БКМА Ганна Кастунова, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "З 8.00 да 20.00 гадзін БКМА былі апытаныя 26 тыс. 943 чалавекі на 300 участках", - распавяла яна. На выбарчых участках Брэсцкай вобласці было апытана 3 тыс. 743 рэспандэнты, Віцебскай - 2 тыс. 771, Гомельскай - 3 тыс. 591, Гродзенскай - 3 тыс. 534, Мінскай - 3 тыс. 671, Магілёўскай - 2 тыс. 692 рэспандэнты. У сталіцы інтэрв'юерамі БКМА апытана 6 тыс. 941 чалавек. Па выніках сацыялагічнага апытання, за Дзмітрыя Уса прагаласавалі 0,3% рэспандэнтаў, Алеся Міхалевіча - 0,9%, Мікалая Статкевіча - 0,96%, Віталя Рымашэўскага - 1,08%, Віктара Церашчанку - 1,12%, Уладзіміра Някляева - 1,58%, Андрэя Саннікава - 1,7%, Яраслава Раманчука - 2,12%, Рыгора Кастусёва - 3,37%. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 5,45% рэспандэнтаў. Апытанне ажыццяўлялася з захаваннем агульных правіл такога роду даследаванняў і згодна з распрацаванай методыкай. У апытальнай сетцы было задзейнічана каля 2 тыс. прадстаўнікоў БКМА.

БЕЛТА