28 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Наваполацкі гарадскі аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзіў крымінальную справу за напад на кантралёра аўтобуса ў Наваполацку, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.
Крымінальная справа па ч.1 арт.366 КК "Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак" узбуджана ў дачыненні да мужчыны 1984 года нараджэння. Як мяркуе следства, увечары ў грамадскім транспарце ён напаў на жанчыну-кантралёра за тое, што яна запатрабавала ў адной з пасажырак аплаціць штраф за безбілетны праезд.
З заявай аб нападзе ў органы ўнутраных спраў звярнулася сама кантралёр. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі быў устаноўлены нападнік - ім аказаўся жыхар Наваполацка. У цяперашні час ён затрыманы.
Як адзначыла Іна Гарбачова, следчымі старанна будзе вывучаны відэазапіс здарэння, які апынуўся ў Інтэрнэце, апытаны ўсе сведкі, а таксама вывучаны службовыя інструкцыі, якія вызначаюць паўнамоцтвы кантралёра пасажырскага транспарту. Будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням усіх удзельнікаў здарэння.-0-
БЕЛТА
Па факце нападу на кантралёра аўтобуса ў Наваполацку ўзбуджана крымінальная справа
28.11.20120 праглядаў