7 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Крымінальная справа па факце пажару ў Расонскай сярэдняй школе ўзбуджана ўпраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны інспектар групы інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова. Па абставінах пажару, які адбыўся сёння раніцай, узбуджана крымінальная справа па артыкуле 304 Крымінальнага кодэкса Беларусі "Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула прычыненне цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў". Расследаваннем справы займаецца следчы ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. Праводзяцца першапачатковыя следчыя дзеянні, для ўдзелу ў якіх прыцягнуты вузкапрофільныя спецыялісты. Прызначаны пажарна-тэхнічная, біялагічная і судова-медыцынская экспертызы. Падчас расследавання будзе ўстаноўлена прычына пажару і дадзена прававая ацэнка дзеянням вінаватых. Як паведамлялася раней, сем дзяцей з ударамі і траўмамі знаходзяцца ў Расонскай цэнтральнай бальніцы. Медыкі не выключаюць, што дзеці будуць пераведзены ў дзіцячую абласную бальніцу ў Віцебск. Як паведамлялася, сёння ў 8.00 паступіла паведамленне ў Расонскі аддзел па НС аб узгаранні ў 3-павярховым будынку Расонскай сярэдняй школы імя Машэрава. Да месца выкліку выехалі 4 падраздзяленні МНС. Сумесна з адміністрацыяй школы была праведзена эвакуацыя 575 дзяцей і 36 выкладчыкаў. Па дадзеных МНС, у выніку здарэння пацярпелых ад апёкаў і атручвання чадным газам не было. Будынак школы не пацярпеў, задымлены сцены. Прычынай узгарання, па папярэдніх дадзеных, стала неасцярожнае абыходжанне з агнём неўстаноўленай асобы, адбылося ўзгаранне складзенай макулатуры.-0-

БЕЛТА