2 жніўня, Мінск /Лілія Крапіўіна - БЕЛТА/. Па выніках першага паўгоддзя чакаецца далейшае апярэджанне тэмпаў росту экспарту над імпартам. Пра гэта заявіў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў віцэ-прэм'ер Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па папярэдніх выніках, за 6 месяцаў бягучага года чакаецца апярэджанне тэмпаў росту экспарту тавараў над імпартам да 8,7 працэнтных пункта. Такім чынам, працягнецца тэндэнцыя па апярэджанні тэмпаў росту экспарту над імпартам, адзначыў Сяргей Румас. Ён нагадаў, што ў маі склалася станоўчае сальда знешняга гандлю, якое склала $116 млн. Яно дасягнута ва ўмовах дэвальвацыі і валютных абмежаванняў. Асноўнымі фактарамі, якія паўплывалі на пагаршэнне вынікаў гандлю ў першым паўгоддзі, сталі імпарт легкавых аўтамабіляў фізічнымі асобамі і скарачэнне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. У чэрвені сальда знешняга гандлю таварамі ў параўнанні з маем пагоршылася на $412 млн. і склала мінус $607 млн. Гэта адбылося ў сувязі з правядзеннем работ па рэканструкцыі і тэхнічным пераўзбраенні на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. У чэрвені там прыпыніўся тэхпрацэс выпрацоўкі светлых нафтапрадуктаў, а пастаўкі сыравіны працягваліся. Імпарт легкавых аўтамабіляў за 6 месяцаў 2011 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся ў 3 разы і склаў $2,161 млрд. За чэрвень дасягнуты гістарычны пік увозу легкавых аўтамабіляў - 68 тыс. штук на $644 млн. З ліпеня 2011 года імпарт легкавых аўтамабіляў практычна спынены, адзначыў Сяргей Румас. Таксама аднавіў працу Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Гэтыя фактары дазваляюць прагназаваць далейшае станоўчае нарошчванне знешнегандлёвага сальда. "Гэта дазваляе гаварыць аб вяртанні сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў зону станоўчых значэнняў", - адзначыў Сяргей Румас. Ён таксама падкрэсліў, што знешні гандаль Беларусі ў першым паўгоддзі ажыццяўляўся на фоне высокага ўнутранага попыту, росту цэн на паліўна-энергетычныя рэсурсы, увозу аўтамабіляў фізічнымі асобамі. Гэта абумовіла пагаршэнне знешняга гандлю ў першым паўгоддзі, калі дэфіцыт знешняга гандлю склаў больш за 18% да ВУП.-0-

БЕЛТА