28 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзяржпраграма інавацыйнага развіцця на 2011-2015 гады пачала паспяхова рэалізоўвацца, канстатаваў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў. Сёння ён праводзіў у Віцебску прыём грамадзян.
За паўгода па праграме інавацыйнага развіцця ў Беларусі створана сем інавацыйных прадпрыемстваў, выкананы даведзены паказчык па выпуску інавацыйнай прадукцыі - 12,7%, паведаміў кіраўнік ведамства. У цяперашні час ідзе актыўная праца па стварэнні інфраструктуры рэгіянальных тэхнапаркаў. Напрыклад, у Віцебскай вобласці яны будуць створаны на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Полацкага дзяржуніверсітэта.
Разам з тым, па думку Ігара Войтава, кіраўнікам прадпрыемстваў неабходна максімальна выкарыстоўваць тэхнічныя і навуковыя распрацоўкі, якія маюцца ў краіне, больш актыўна ўкараняць прагрэсіўныя замежныя тэхналогіі. "Часта кіраўнікам не хапае прадпрымальнасці ў пошуку новых ідэй", - лічыць ён.
Галоўнымі задачамі Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях на цяперашнім этапе развіцця эканомікі кіраўнік ведамства называе стварэнне новых інавацыйных прадпрыемстваў, якія дазволяць выпускаць экспартаарыентаваную інавацыйную прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Другая задача - укараненне і камерцыялізацыя навуковых ідэй і распрацовак. -0-
БЕЛТА
Па праграме інавацыйнага развіцця ў Беларусі за паўгода створана сем прадпрыемстваў
28.7.20110 праглядаў