4 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Па вадзе і сушы дастаўляецца асноўнае абсталяванне для новай парагазавай устаноўкі Лукомльскай ДРЭС, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве электраэнергетыкі "Віцебскэнерга". Да асноўнага абсталявання энергетыкі адносяць газавую турбіну, статар генератара паравой турбіны і два трансфарматары. Па рацэ Дняпро на баржы з Херсонскага порта ў Беразіно даставілі газавую турбіну, адкуль гэтую 400-тонную махіну аўтамабільным транспартам са скорасцю 40 км/г вязуць у Навалукомаль. Як чакаецца, да вечара 4 снежня груз будзе на будаўнічай пляцоўцы. Статар і трансфарматары даставяць на аб'ект на працягу бліжэйшага тыдня. Будаўніцтва парагазавай устаноўкі магутнасцю 427 МВт з'яўляецца сумесным беларуска-кітайскім праектам. Дзякуючы будаўніцтву парагазавай устаноўкі Лукомльская ДРЭС пяройдзе на сучасныя тэхналогіі па выпрацоўцы электраэнергіі, што дазволіць эканоміць 242 тыс.т умоўнага паліва ў год. У грашовым эквіваленце гэта складзе больш Br500 млрд. Палівам для парагазавай устаноўкі служыць прыродны газ. Перавагай устаноўкі з'яўляецца высокі ККД парагазавага цыклу - 57%, у той час як блокі 300МВт ДРЭС маюць ККД 39,4%. Парагазавыя ўстаноўкі спажываюць менш вады на адзінку выпрацаванай электраэнергіі і з'яўляюцца больш экалагічна чыстымі. Будаўніцтва ПГУ-400 МВт праводзіцца на падставе ўказа кіраўніка дзяржавы і кантракту, заключанага паміж РУП "Віцебскэнерга" і Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па імпарце і экспарце машын і абсталявання на выкананне комплекснага будаўніцтва парагазавага энергаблока магутнасцю 427 МВт на Лукомльскай ДРЭС. Старт будаўніцтву быў дадзены ў студзені бягучага года. Блок будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2014 года. У цяперашні час на аб'екце заліты фундаменты пад будынак галоўнага корпуса і асноўнага абсталявання. Вядуцца работы па мантажы катла-ўтылізатара, выканана падземная частка будынка берагавой помпавай станцыі. Генератар газавай турбіны ўжо ўсталяваны на фундамент. Завяршыўся мантаж металаканструкцый галоўнага корпуса, узмоцненымі тэмпамі вядуцца работы па мантажы сценавых панэляў даху. Усе работы вядуцца ў адпаведнасці з графікам.-0-

БЕЛТА