Надышло лета. Лепельчане пацягнуліся ў бок гарадскога пляжу, да вады. Вядома, адпачываць каля возера можна па-рознаму: адны загараюць, чытаючы займальны раман, іншыя дрэмлюць, схаваўшы вочы за сляпучымі акулярамі, трэція купаюцца. Аднак ёсць і тыя, хто не праміне пункт пракату плавальных сродкаў.
Валянціна Чавасова сустракае на парозе невялікага будынка, што ў гарадскім парку перад пантанным мостам. Яна працуе ад КУВП ЖКГ «Лепель», і яе занятак сезонны. Адкрыццё пункта пракату звычайна прыпадае на першае чэрвеня, а закрыццё – на пачатак верасня, у залежнасці ад надвор'я. У цяперашні час жадаючых чакае тры лодкі і два катамараны. Аматары вяслоў за гадзіну плавання заплацяць дзевяць тысяч рублёў. Тыя, хто аддае перавагу водным «веласіпедам», выдаткуюцца, хоць і нязначна, але больш. Так, двухмесны катамаран каштуе дванаццаць тысяч рублёў, чатырохмесны – пятнаццаць тысяч. Для параўнання: летась плата была восем і дзесяць тысяч адпаведна.
Не дапускаюцца асобы без суправаджэння малодшыя за шаснаццаць гадоў, без пашпартоў, у стане алкагольнага ап'янення. У журнале рэгістрацыі Валянціна Цімафееўна адзначае кожнага наведвальніка, час пракату і нумар плаўсродка. У яе абавязкі таксама ўваходзіць азнаёміць кліентаў з інструкцыяй па тэхніцы бяспекі, надзець на ўсіх ратавальныя камізэлькі, растлумачыць правілы карыстання лодкай або катамаранам.
Пакуль прыток наведвальнікаў назіраецца толькі ў выхадныя дні. Але, як кажуць, ці то яшчэ будзе. Самы пік – ліпень. У дзень прыходзіць да 25 чалавек. У асноўным афармляюць пракат на гадзіну, аднак, дапушчальна і на паўгадзіны (устаноўлены мінімум).
Разам са суразмоўніцай адпраўляемся на бераг возера, да прычала. Там красуюцца каляровыя кампактныя лодачкі. Зроблены яны з пластмасы, а, значыць, лёгкія і кіруюцца без асаблівых намаганняў. Валянціна Цімафееўна кажа, што чакае прывозу яшчэ некалькіх пракатных адзінак.
Ажыццявіць водныя прагулкі можна ў любы дзень, акрамя панядзелка і аўторка, з адзінаццаці і да дзевятнаццаці гадзін. Калі наступіць «гарачая» пара, выйдзе яшчэ адзін работнік, і тады плаўсродкі стануць даступныя штодня на працягу дванаццаці гадзін.
Яўгенія ЛЯХ.