Пераможцаў конкурсу "Новыя імёны Беларусі - 2017" вызначылі ў Мінску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Пераможцаў конкурсу "Новыя імёны Беларусі - 2017" вызначылі ў Мінску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Першае месца прысуджана мэнэджару па продажах аддзела збыту ААТ "Дзяржынская швейная фабрыка "Эліз" (Мінская вобласць) Наталлі Сцельмах. Другое месца ў сістэмнага адміністратара Windows ва УП "Велком" Вольгі Карыёнавай і інжынера занальнага вузла электрасувязі РУП "Белтэлекам" (Брэст) Аляксандра Чырычэнкі. Трэцяе месца дасталася сарціроўшчыку цэха дрэваапрацоўкі ДЛГУ "Бягомльскі лясгас" (Віцебская вобласць) Сяргею Дубко.
Конкурс "Новыя імёны Беларусі-2017" трэці год запар дае магчымасць працаўнікам праявіць свае сцэнічныя таленты. Усе ўдзельнікі - непрафесіяналы, працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах, а вольны час прысвячаюць любімай справе. Усяго ў сёлетнім конкурсе ўзялі ўдзел каля 40 тыс. чалавек. Творчае спаборніцтва праводзілася на розных узроўнях - пачынаючы непасрэдна з працоўных калектываў і заканчваючы рэспубліканскім этапам. Лепшых вызначалі па некалькіх намінацыях, у тым ліку "Вакал", "Інструментальны жанр", "Арыгінальны жанр", "Харэаграфія". 24 фіналісты ў Мінску падчас выніковага шоу змагаліся за права быць лепшым. Да гэтага з імі займаліся лепшыя майстры сцэны, вакалісты, харэографы і стылісты краіны, а ў ролі куратараў выступілі зоркі беларускай эстрады і выдатныя дзеячы культуры Беларусі.
Дарэчы, пераможцы гэтага і мінулых гадоў у маючыя адбыцца летнія месяцы аб'едуць з сумеснымі канцэртнымі праграмамі пад назвай "Мы разам" каля 50 гарадоў Беларусі.
Акрамя таго, адбылося ўшанаванне і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу "Беларускі майстар - 2017", які праходзіў на працягу года і вызначыў лепшых спецыялістаў краіны ў 14 прафесіях. Мэта спаборніцтва - павышэнне прэстыжу чалавека працы і масавых прафесій, стварэнне стымулу для далейшага росту прафесіяналізму і кваліфікацыі работнікаў.