8 кастрычніка, Лепель /Соб.інф./. На гарадскім стадыёне адбылося восеньскае лёгкаатлетычнае чатырохбор’е.
8 кастрычніка, Лепель /Соб.інф./. На гарадскім стадыёне адбылося восеньскае лёгкаатлетычнае чатырохбор’е. Удзел прынялі дзевятнаццаць школ раёна. Кожная прадставіла найлепшых спартсменаў 2000 — 2001 года нараджэння. У камандах — па два хлопцы і дзве дзяўчыны.
Хлопцам неабходна было паказаць сябе на дыстанцыі 60 метраў, у скачках з разбегу ў даўжыню, у бегу на дыстанцыі шасцісот і васьмісот метраў, а таксама прадэманстраваць свае сілавыя здольнасці з дапамогай кідка мяча.
У агульнакамандным заліку першае месца заняла каманда СШ №1, другое — Заслонаўская і трэцяе — Бароўская школа. У асабістым заліку вызначыліся Кірыл Круглоў і Міхаіл Шупеня з Заслонава, а таксама Стас Радзько з гімназіі.
— Кірыл Круглоў не толькі добра прабег, ён і мяч кінуў далей за ўсіх — 54,5 метра, увайшоў у зборную раёна і прадстаўляе Лепель на абласных спаборніцтвах, — кажа кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізкультуры і здароўя Валерый Булах.
Найлепшымі сярод дзяўчат сталі Аляксандра Дземка з СШ №1 — першае месца, Кацярына Грыдзюшка з СШ №3 — другое, Алена Ганчар з СШ №1 — трэцяе.
Цікава назіраць, як паляпшаюць з году ў год свае вынікі асобныя спартсмены. Так, напрыклад, Аляксандра на мінулых спаборніцтвах у бегу была ўсяго толькі дзясятай, на гэты раз не дала шанцаў канкурсанткам, нягледзячы на тое, што ад прыроды з’яўляецца спрынтарам, а дыстанцыя ў шасцісот метраў лічыцца прамежкавай і вельмі няпростай.
Яўгенія ЛЯХ.