26 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Фінансавы рэсурс даступных Беларусі праграм трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на перыяд да 2013 года ацэньваецца амаль у 250 млн. еўра. Аб гэтым сёння ў Віцебску на інфармацыйным дні праграм Еўрасаюза ў Беларусі паведаміў эксперт па пытаннях праграм тэхнічнай дапамогі ЕС Уладзімір Беліцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам трох праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва "Рэгіён Балтыйскага мора", "Латвія-Літва-Беларусь", "Польшча-Беларусь-Украіна". Рэсурсы могуць быць выкарыстаны пры рэалізацыі нацыянальных і рэгіянальных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, што прывядзе да скарачэння выдаткаў дзяржбюджэту на падобныя мэты. Таму асабліва важна, каб у праектах гэтых праграм актыўна ўдзельнічалі рэспубліканскія органы дзяржкіравання і органы мясцовай улады нароўні з грамадскімі аб'яднаннямі і іншымі арганізацыямі і ўстановамі, падкрэсліў Уладзімір Беліцкі.
Удзел у праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС не ацэньваецца толькі фінансавымі рэсурсамі. Праекты рэалізуюцца на аснове заявак некалькіх удзельнікаў з суседніх дзяржаў і з'яўляюцца партнёрскімі, пабудаванымі на прынцыпе зносін паміж людзьмі і супрацоўніцтва з калегамі. У выніку такога партнёрства ўмацоўваецца патэнцыял арганізацый-удзельніц, ажыццяўляецца навучанне супрацоўнікаў, адбываецца абмен інфармацыяй, што служыць наладжванню культурных і дзелавых кантактаў, упэўнены эксперт.
У цэлым па праграмах міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС для Беларусі прадугледжана больш за 350 млн. еўра.
Віцебская вобласць удзельнічае ў розных праграмах тэхнічнай дапамогі ЕС. Найбольш паспяховымі, на думку экспертаў, сталі трансгранічныя праекты "Мастацтва без межаў - садзейнічанне міжнароднай культурнай індустрыі ў кантэксце творчасці Марка Шагала Марка Ротка", "Турыстычны рэгіён "Бела Дзвіна". Па праграме "Аб'яднанне грамадзян і мясцовыя органы ўлады" быў рэалізаваны праект "Рэформы ў жыллёвым сектары з удзелам насельніцтва". Дзякуючы яму беларускія парламентарыі атрымалі канструктыўныя прапановы ад таварыстваў уласнікаў, якія былі ўлічаны пры распрацоўцы Жыллёвага кодэкса. Акрамя таго, таварыствы ўласнікаў у Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцях па прыкладзе нямецкіх калег сталі ствараць асацыяцыі і аб'ядналіся ў Міжнародную асацыяцыю менеджменту нерухомасці. У яе акрамя беларускіх асацыяцый увайшлі буйныя кіруючыя кампаніі з Германіі.
Удзельнікам праграмы "Устойлівая гарадская энергетыка" стаў Полацк. Пры ўдзеле партнёраў з ЕС тут будзе рэалізаваны праект па зніжэнні выкідаў вуглякіслага газу. Запланавана, што ў адным з дзіцячых садкоў будуць устаноўлены сонечныя батарэі. Рэалізацыя гэтага праекта разлічана на два з паловай гады.-0-
БЕЛТА